Пра гэта 30 лістапада паведаміў губэрнатар штату Тоні Эвэрс. «Сёньня я выканаў свой абавязак у сэртыфікацыі выбараў 3 лістапада, і ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі закону штату і фэдэральнага закону я падпісаў Пасьведчаньне аб зацьвярджэньні сьпісу электараў для абранага прэзыдэнта Джо Байдэна і абранага віцэ-прэзыдэнта Камалы Гарыс», — цытуе заяву Эвэрса «Голас Амэрыкі».
У Вісконсіне кандыдат ад дэмакратаў Байдэн абышоў дзейнага прэзыдэнта рэспубліканца Дональда Трампа на 20 тысяч галасоў выбарнікаў. Пералік, які абышоўся выбарчаму штабу Трампа ў 3 мільёны даляраў, прынёс Байдэну дадаткова больш за 80 галасоў жыхароў штату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 5 тысяч беларускіх хрысьціян падпісалі адкрыты ліст з патрабаваньнем да ўладаў спыніць гвалтУ штабе Джо Байдэна перамогу ў Вісконсіне назвалі рашучай і сумленнай.
Дональд Трамп ужо паабяцаў зьвярнуцца ў суд, каб дамагчыся адмены выніку. На падачу скаргі адведзены тэрмін у пяць дзён.
Перамогу Джо Байдэна і Камалы Гарыс 30 лістапада сэртыфікавала таксама Арызона. Там разрыў паміж кандыдатамі склаў каля 10 тысяч галасоў. Байдэн стаў толькі другім палітыкам-дэмакратам за 70 гадоў, які выйграў прэзыдэнцкія выбары ў гэтым штаце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн прадставіў кандыдатаў на ключавыя пасады ў сфэры дыпляматыі і бясьпекіТрамп і ягоныя юрысты, не прыводзячы доказаў, сьцьвярджаюць, што на выбарах былі маштабныя фальсыфікацыі. Аднак спробы аспрэчыць вынікі выбараў праз суд аказаліся беспасьпяховымі ў шэрагу іншых штатаў, у тым ліку ў Джорджыі, Мічыгане, Нэвадзе і Пэнсыльваніі.
Для абраньня прэзыдэнтам Злучаных Штатаў кандыдату неабходна набраць 270 галасоў у калегіі электараў. Байдэн па выніках галасаваньня 3 лістапада забясьпечыў сабе 306 такіх галасоў, у Трампа — 232.
На мінулым тыдні Дональд Трамп заявіў, што пакіне Белы дом па заканчэньні тэрміну сваіх паўнамоцтваў, калі галасаваньне калегіі электараў завершыцца на карысьць Джо Байдэна. Яно адбудзецца 14 сьнежня.