Як паведамляе рэгіянальны берасьцейскі сайт 1reg.by, раніцай у панядзелак міліцыянты завезьлі яго ў Берасьце, у ізалятар часовага ўтрыманьня.
Папека затрыманы ў крымінальнай справе; у якой менавіта, пакуль невядома.
Пазней інфармацыю пра затрыманьне пацьвердзілі і ў Праваабарончым цэнтры «Вясна».
«Па „крыміналцы“ затрыманы. У сераду можна перадачу перадаць з 10 да 12. Знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця. Па якім эпізодзе, невядома пакуль... Ідзе поўнамаштабны наступ на свядомасьць усіх, каб тыя спынілі свае грамадзкія дзеяньні, каб памяняць нешта ў гэтай краіне», — заявіў з гэтай нагоды праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.
Ад сяброў Міколы Папекі вядома, што зь ім працуе адвакат, які абяцаў паінфармаваць сваякоў паэта пра ягоны стан і ягоную справу.
Мікола Папека — беларускі паэт, пчаляр. Жыве на Пружаншчыне. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру і Саюза беларускіх пісьменьнікаў.
Заснавальнік штогадовай літаратурнай «Мядовай прэміі». Гэта ўнікальная прэмія для літаратараў Берасьцейскай вобласьці, пераможца якой атрымлівае пуд мёду зь Міколавага пчальніку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Прызнайце сваю паразу і прыміце волю народу!» Пісьменьнікі выступілі з адкрытым лістом да ўладаў