На нядзельных акцыях пратэсту 29 лістапада, паводле дадзеных «Вясны», затрымалі звыш 420 чалавек. Сярод іх былі і непаўналетнія. Як расказала Свабодзе маці аднаго зь іх, яе сына Аляксея Блоха з РУУС забрала «хуткая».
«Яны зь сябрам былі на прыпынку, — расказвае Анастасія. — Проста стаялі ў нас у Малінаўцы. Пад’ехаў аўтазак — і ўсё, іх туды пагрузілі. Прыкладна з 14 да 15 гадзіны гэта здарылася. У аўтазаку яго пабілі, там ён страціў прытомнасьць. Ачуняў толькі ў РУУС Кастрычніцкага раёну. Сын кажа, што яго білі амапаўцы. Налічыў 13 удараў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПра затрыманьне сына Анастасія даведалася пасьля званка зь міліцыі.
«Аляксей мне пазваніў са свайго тэлефона, калі быў у РУУС, — кажа жанчына. — Трубку ўзяў супрацоўнік РУУС, інспэктар па справах непаўналетніх, прозьвішча ня памятаю зараз. „Хуткую“ сыну выклікалі проста туды, мы паехалі ў шпіталь хуткай дапамогі разам зь ім. Перад гэтым на Аляксея склалі пратакол. У РУУС я прыехала прыкладна а 18-й гадзіне. Сын сядзеў на лавачцы, пабіты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады ўвайшлі ў фінальны этап самаразбурэньня». Экс-дацэнтка МДЛУ Дуліна пра турму, Лукашэнку і АМАП. ВІДЭА.Жанчына расказвае, што ў шпіталі хуткай дапамогі Аляксея агледзелі, выставілі папярэдні дыягназ. Удзень 30 лістапада яна схадзіла зь ім у раённую паліклініку.
«У лякарні сына агледзелі, зрабілі КТ, іншыя дасьледаваньні, — кажа жанчына. — У яго чэрапна-мазгавая траўма 3 ступені, кровападцёк ілба справа, кровападцёк верхняга павека справа, садно грудной клеткі справа. Будзем падаваць заяву ў міліцыю, пэўна. Але ці ёсьць у гэтым сэнс, калі ўжо дзяцей б’юць у аўтазаках?»
Анастасія мяркуе, што яе сына яшчэ могуць выклікаць у суд у справе аб адміністрацыйным правапарушэньні. Калі гэта будзе, невядома.