Мікалай Казлоў стаў афіцыйным старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі

Мікалай Казлоў

Старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі абраны Мікалай Казлоў. Яго кандыдатуру падтрымала большасьць дэлегатаў зьезду партыі, які прайшоў 29 лістапада ў Менску, інфармуе БелаПАН.

Таксама на пасаду старшыні АГП прапаноўвалася вылучыць былога старшыню партыі Анатоля Лябедзьку, аднак ён узяў самаадвод.

У выніку, акрамя Казлова, на пасаду старшыні партыі прэтэндавала партыйная актывістка Вольга Беляўцова. Галасаваньне было таемнае.

Паводле дадзеных падліковай камісіі, за Казлова прагаласавалі 59 дэлегатаў, за Беляўцову — 23, яшчэ трое — супраць усіх.

«Я паспрабую апраўдаць ваш давер, зраблю ўсё для гэтага. За гэтыя два гады я неяк увайшоў у пасаду, можа, да канца ня ведаю яе ва ўсіх яе нюансах, але гэта вельмі цяжкі і адказны абавязак», — сказаў пасьля абраньня Мікалай Казлоў.

Зьезд таксама абраў пяць намесьнікаў старшыні АГП — Генадзя Ананьева, Ганну Красуліну, Аляксандра Кабанава (арыштаваны, прызнаны праваабаронцамі палітвязьнем, згода атрыманая праз адваката), Вольгу Беляўцову і Аляксея Кірыенку (кіраўнік моладзевай арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску праходзіць зьезд АГП, будуць выбіраць новае кіраўніцтва і вылучаць патрабаваньні ўладам

Дагэтуль Мікалай Казлоў быў выканаўцам абавязкаў старшыні партыі. Сярод партыйных дасягненьняў у сваім выступе на зьезьдзе Казлоў назваў прыдуманы АГП новы фармат акцый — ланцугі салідарнасьці. Таксама ён нагадаў, што партыя падтрымала на выбарах 9 жніўня Сьвятлану Ціханоўскую, сябры партыі былі сярод яе давераных асоб і цяпер працуюць у яе штабе і ў асноўным складзе Каардынацыйнай рады.

«У партыі сёньня тры асноўныя задачы, як і ў беларускага народу: спыненьне рэпрэсій, вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне сумленных свабодных выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі. Пакуль праходзяць пратэсты, мы вырашылі не выпінаць партыю, прыспусьціць партыйныя штандары, пакуль мы ня вырашым з астатнімі гэтыя тры простыя рэчы», — сказаў Казлоў.