У Менску праходзіць зьезд АГП, будуць выбіраць новае кіраўніцтва і вылучаць патрабаваньні ўладам

Выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў.

29 лістапада сабраўся XX зьезд Аб'яднанай грамадзянскай партыі, удзел у якім прымаюць 85 дэлегатаў.

На зьезьдзе плянуецца абраць новае кіраўніцтва партыі — старшыню, яго намесьнікаў, Палітраду і Нацыянальны камітэт АГП. Акрамя таго, чакаецца прыняцьце шэрагу дакумэнтаў, у якіх будзе выказана пазыцыя партыі «па актуальных грамадзка-палітычных пытаньнях».

Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Мікалай Казлоў неадназначна ацаніў досьвед удзелу партыі ў праймэрыз апазыцыі. Палітык патлумачыў, што гэта быў першы досьвед:

«Мы выйгралі гэты праймэрыз. У ім, можа, удзельнічала няшмат людзей, можа, ён быў недастаткова разрэклямаваны, але тым ня менш», — сказаў Казлоў.

Сярод дасягненьняў партыі Казлоў назваў прыдуманы АГП новы фармат акцый – ланцугі салідарнасьці. Таксама ён нагадаў, што партыя падтрымала на выбарах 9 жніўня Сьвятлану Ціханоўскую, сябры партыі былі сярод яе давераных асоб і цяпер працуюць у яе штабе і ў асноўным складзе Каардынацыйнай рады.

«У партыі сёньня тры асноўныя задачы, як і ў беларускага народу: спыненьне рэпрэсій, вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне сумленных свабодных выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі. Пакуль праходзяць пратэсты, мы вырашылі не выпінаць партыю, прыспусьціць партыйныя штандары, пакуль мы ня вырашым з астатнімі гэтыя тры простыя рэчы», — сказаў Казлоў.