Праз закон, які абмяжоўвае публікацыю фота паліцыянтаў, у Францыі пратэстуюць і спрачаюцца ў СМІ

Маніфэстанты пратэстуюць супраць наступу на свабоду слова

У суботу, 28 лістапада, па ўсёй Францыі адбыліся шматлікія маніфэстацыі супраць закону «Аб глябальнай бясьпецы».

У Парыжы маніфэстацыя праходзіла мірна, пакуль на падыходзе да плошчы Бастыліі да яе не далучыліся радыкалы з арганізацыі Black Bloc, якія пабудавалі барыкаду і ўступілі ў сутычку з паліцыяй. Паліцыя ўжыла сьлезацечны газ, паведамляе RFI. Паводле МУС Францыі ёсьць пацярпелыя сярод паліцыянтаў, арыштаваныя некалькі дзясяткаў удзельнікаў пратэсту.

Маніфэстацыі таксама прайшлі ў Лілі, Нанце, Манпэлье і іншых гарадах краіны. У мінулую суботу ў маніфэстацыях узялі ўдзел каля 22 тысяч чалавек. МУС кажа, што ў сёньняшніх дэманстрацыях пратэсту па краіне ўдзельнічалі больш за 133 тыс.

Радыкальна настроеныя пратэстоўцы паляць вогнішчы

Што за закон, які выклікаў такое абурэньне

Дэпутаты Нацыянальнага сходу Францыі прынялі закон «Аб глябальнай бясьпецы». Адзін з артыкулаў гэтага закону забараняе распаўсюджваньне фатаграфій паліцыянтаў і жандараў са «злым намерам», калі такія фота могуць нанесьці ім «фізычную або псыхалягічную» шкоду.

Закон асабліва абурыў журналістаў і праваабаронцаў. Супраць ініцыятывы дэпутатаў выступіла ААН, а Эўракамісія ўжо заклікала Францыю выконваць балянс паміж гарантыямі бясьпекі і абаронай правоў і свабод грамадзян. Закон, як заявілі ў ЭЗ, можа быць правераны на адпаведнасьць нормам агульнаэўрапейскага права.

Законапраект «Аб глябальнай бясьпецы» і яго спрэчны 24-ы артыкул не знайшлі падтрымкі ні ў францускім грамадзтве, ні сярод СМІ. З аднаго боку, закон абараняе ананімнасьць паліцыянтаў, але зь іншага — грамадзтва губляе важны рычаг ціску на органы правапарадку.

«Падчас пратэстаў „жоўтых камізэлек“ у сеціва трапіла шмат відэа паліцэйскай жорсткасьці. І нягледзячы на доказы, большасьць скаргаў адхілілі. Калі ў будучыні ня будзе ні відэа, ні фота, можа здарыцца ўсё што заўгодна», — кажа адна з удзельніцаў пратэсту супраць закону.

Улады запэўніваюць, што гаворкі аб поўнай забароне на здымкі паліцэйскай працы няма, што закон толькі абмяжоўвае выкарыстаньне такога відэа.