Мысіна адразу падтрымала пратэстоўцаў у Беларусі. У інтэрвію Радыё Свабода яна казала, што для яе гэта была вельмі важная праца. Пра сваю пʼесу распавядае беларускі драматург Андрэй Курэйчык.
Рэвалюцыя яшчэ ня скончана, мы знаходзімся дзесьці пасярэдзіне гэтага працэсу
— Падзеі разьвіваліся так хутка і так ярка, што выявілася немагчымым заставацца ў баку. Я як драматург і член Каардынацыйнай рады Беларусі, апынуўся ўцягнуты ў вір таго, што адбываецца ў краіне. Усё трэба было рабіць па гарачых эмоцыях. Я ня ведаю, як гэтыя падзеі будуць бачыцца праз гады, — можа зусім па-іншаму, чым цяпер, — але мне хацелася пакінуць для гледачоў тыя эмоцыі, тыя вобразы, тыя пачуцьці, якія адчувалі беларусы ў гэты першы месяц барацьбы.
— У разьмеркаваньні роляў выбар быў за Аксанай Мысінай або за вамі?
— Гэтым займалася Аксана, яна рэжысэр, яна выбірала і вобразы, і форму. Я магу сказаць толькі, што ўсе пэрсанажы рэальныя, і яны прадстаўляюць розныя пункты гледжаньня на тое, што адбываецца цяпер у Беларусі. Рэвалюцыя яшчэ ня скончана, мы знаходзімся дзесьці пасярэдзіне гэтага працэсу, і я выбраў тых пэрсанажаў, якія ўплывалі па-сапраўднаму на тое, што адбывалася ў краіне.
— Народны пратэст у відэаспэктаклі прадстаўлены Футбольным заўзятарам і гераіняй, якую вы назвалі Пазытыўная. Яе ролю выконвае Лія Ахеджакава.
— Пазытыўная — гэта зборны вобраз, сарцавінай якога, напэўна, стала Маша Калесьнікава. Вядома ж, ня толькі яна. У нас рэвалюцыя мае жаночае аблічча, асноўны перадвыбарчы тур рабілі тры цудоўныя жанчыны — Марыя Калесьнікава, Сьвятлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала, а адным са значных складнікаў пратэсту сталі жаночыя маршы. Па сутнасьці Пазытыўная — гэта зборны вобраз жанчыны, якая падняла на вушы ўсю краіну.
Гэта нельга перамагчы ніякімі рэпрэсіямі, народ ужо ня зьменіцца, ён зрабіў унутраны выбар
— Вядомы прадусар Аляксандр Раднянскі апублікаваў на сваёй старонцы ў інстаграме тэкст беларускай дзяўчыны Наташы Клюкінай, якая напісала, што калісьці потым, калі пра беларускую рэвалюцыю здымуць фільм або сэрыял, людзям падасца неверагодным тое, што адбывалася. На вашу думку, фільм, які можа быць зьняты празь нейкі час, наколькі ён будзе адпаведны таму, што цяпер адбываецца на вуліцах беларускіх гарадоў?
— Многае будзе залежаць ад погляду мастака, вядома. Я выкарыстаў максымальную колькасьць простай мовы, як Лукашэнкі і Ціханоўскай, так і простай мовы маладых хлопцаў, якія апынуліся ў цэнтры самых гарачых падзеяў. Беларуская рэвалюцыя адрозьніваецца тым, што гэта рэвалюцыя не нянавісьці, а рэвалюцыя пазытыву і любові, якая сутыкнулася з беспрэцэдэнтным гвалтам. Знакам пераменаў у нас зьяўляецца сэрцайка, якое паказвае Маша Калесьнікава.
— Калі раней можна было сказаць, што рэжымам Лукашэнкі незадаволеныя асобныя групы беларускага грамадзтва, то цяперашнія падзеі паказалі: у рух супраціву ўцягнутыя ўсе — ад рабочых да музыкаў і артыстаў.
— Вы маеце рацыю: у пратэстах удзельнічаюць усе — ад пэнсіянэраў, якія лічыліся лукашэнкаўскім электаратам, да студэнтаў. У нас жыхары дамоў адкрываюць падʼезды, каб дзеці маглі хавацца, калі за імі гоняцца амапаўцы. Звароты ў падтрымку Купалаўскага тэатру напісалі ўсе тэатры краіны. Проста невераемная сувязь людзей аднаго з адным. Мне здаецца, гэта нельга перамагчы ніякімі рэпрэсіямі, і можна нейкі час трымаць уладу, але народ ня зьменіцца, ён ужо зрабіў унутраны выбар — жыць у іншай атмасфэры — пазытыву і надзеі. Так, сапраўды, гэта нешта неверагоднае, і будзем распавядаць нашым дзецям, як гэта адбылося.
Там родныя людзі, і за іх душа баліць
У пʼесе ёсьць дакладныя вобразы і тых людзей, якія паўсталі супраць існуючай улады, і тых, хто гэтую ўладу абараняе, ужываючы сілу супраць свайго ўласнага народу. Многія назіральнікі адзначаюць, што ў беларускай рэвалюцыі жаночы твар. Рэжысэр Аксана Мысіна на ролю Пазытыўнай абрала Лію Ахеджакаву, вядомую сваёй грамадзянскай пазыцыяй.
— Мы не засталіся ў баку ад таго, што адбываецца на нашых вачах, і вельмі хварэем за Беларусь!— кажа Лія Ахеджакава. — Мы акторы, у нас тэатральныя пляцоўкі былі ва Ўкраіне, у Беларусі, па ўсёй Расеі. Мы ж належым усім гледачам, якія былі на нашых, яшчэ савецкіх пляцоўках. І там родныя людзі, і за іх душа баліць.
— Гэты праект не зусім звычайны, таму што ён рабіўся ў дыстанцыйным фармаце, у адпаведнасьці з павевамі часу. Такая праца была для вас новай?
— Я ўжо двойчы ўдзельнічала ў такіх вялікіх праектах. У мяне ёсьць геніяльны прадусар Жэня Шермянёва, яна жыве ў Рызе, але пры гэтым працуе зь літоўскімі тэатрамі і тэатральнымі дзеячамі, драматургамі, і дзякуючы ёй я аказалася запатрабаванай, чаму была страшна рада. Адзін з праектаў быў па кнізе Сьветы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі». І для мяне гэта быў гонар — пазнаёміцца са Сьветай Алексіевіч і хоць крыху ў гэтым паўдзельнічаць.
— Ваша гераіня — Пазытыўная. Што вы ўкладаеце ў гэтае слова?
— Я думаю, што мая гераіня — гэта чалавек, у якога душа баліць за тых людзей, якія ёй дарагія. І нават няважна, што яны не знаёмыя, што жывуць у розных канцах сьвету, яны блізкія мэнтальна.
У 16 краінах тэатры адгукнуліся на пʼесу Андрэя Курэйчыка
Пʼеса Андрэя Курэйчыка выклікала цікавасьць па ўсім сьвеце. І гаворка ідзе ня толькі пра рускамоўную публіку. Вядомы тэатральны крытык і перакладчык Джон Фрыдман, які пераклаў пʼесу Курэйчыка на ангельскую мову, упэўнены ў яе доўгім жыцьці і посьпеху.
— Джон, наколькі гэтая гісторыя і наогул падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, цікавыя гледачу ў іншых краінах?
— Праблема аўтарытарнага рэжыму вельмі блізкая шмат каму. Гэта мы адчуваем хоць бы таму, што ў 16 краінах тэатры адгукнуліся на пʼесу Андрэя Курэйчыка. Вядома, гэта гучыць даволі дзіўна, што для мастацтва страшная і найпрыгажэйшая рэвалюцыя ў Беларусі стала выдатнай і вельмі эфэктнай тэмай, паколькі гаворка ідзе пра жыцьці людзей. Але вось праблема рэжыму — гэта іншая справа. Я бачу на чытках артыстаў у сьлязах, я чытаю, што пішуць людзі пра патрасеньні, якія яны перажылі. Сем дзеючых асоб прадстаўляюць па сутнасьці ўсе зрэзы грамадзтва, якое ўключана ў тое, што адбываецца ў Беларусі.
— Тэатар рэдка зьвяртаецца да падзей, якія адбываюцца тут і цяпер. Лічыцца, што для абʼектыўнага погляду патрэбны час.
— Вы маеце рацыю, звычайна гэта вельмі складана. Таму ў сусьветнай практыцы досыць мала твораў, якія напісаныя ў момант, калі падзеі адбываюцца. Пʼеса Андрэя Курэйчыка — гэта рэдкая ўдача. Я не сумняваюся, што гэтая пʼеса будзе жыць вельмі доўга і стане нацыянальным здабыткам мастацтва Беларусі.
Са стваральнікамі і ўдзельнікамі спэктаклю гутарыла Алена Палякоўская. Поўны тэкст інтэрвію тут.