Шым з гурту «Каста» расказаў пра новы кліп і Беларусь

Кадар зь відэа на песьню «Выходи гулять».

27 лістапада расейскі гурт «Каста» выпусьціў новы кліп на сваю песьню «Выходи гулять». Відэа напоўнена жорсткім сцэнамі гвалту з боку сілавікоў, адзін зь якіх прыходзіць дадому, і зь ягонага цела пачынае сачыцца кроў ад успамінаў аб «працы».

За першы ж дзень кліп набраў паўтара мільёна праглядаў, і мноства людзей у камэнтарах параўноўвалі гэтае відэа з дакумэнтальнымі кадрамі, зьнятымі ў Беларусі апошніх месяцаў. Адзін з музыкаў «Касты» Шым (Міхаіл Епіфанаў) адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

Сьцісла:

  • Песьню мы напісалі ў 2019 годзе. Яе тэкст прысьвечаны пратэстамі ў Расеі і жорсткай рэакцыі дзяржавы, але кліп здымаўся ў апошнія два месяцы і ён, безумоўна, сугучны з падзеямі ў Беларусі.
  • Каб заставацца шчырымі перад сабой, трэба прамаўляць тое кепскае, што цяпер адбываецца. Пройдзе час — дабро ў любым выпадку пераможа, а ты застанесься са сваім сумленьнем, і яно табе будзе казаць: «Што ж ты, слабак, змаўчаў?»
  • У Расеі ўлада належыць спэцслужбам, і яны дзейнічаюць хітрэй. А Лукашэнка дзейнічаў, як слон. Прэзыдэнт, які прайграў выбары, лётае з аўтаматам, называе народ пацукамі, наркаманамі, авечкамі. Легітымнасьць цалкам страчаная.
  • Раней мае беларускія сябры казалі, што спадзяюцца на Пуціна. Я зьдзіўляўся, на што ж тут можна спадзявацца. Але цяпер яны кажуць, што на Пуціна больш не спадзяюцца.
  • Калі б Беларусь паспрабавалі зрабіць «новым Крымам», далучыўшы да Расеі недзе ў годзе 2017-м, расейскае грамадзтва дакладна ўспрымала б гэта як яшчэ адну перамогу. Але за апошнія два гады кожны расеец адчуў, што жыве ў краіне, якая бяднее. Навошта нам імпэрыя жабракоў? Мне здаецца, што гэты «пераможны патэнцыял» даўно страчаны, і добра, што ён не адбыўся.

Шым на сцэне

  • Былі размовы: «А што такое беларусы?» Я асабіста цяпер зразумеў, чым беларусы адрозьніваюцца ад расейцаў. Беларусы здымаюць абутак, перад тым як стаць нагамі на лавачку. Беларусы маюць права на незалежнасьць, на самастойнасьць, і гэта тое, за што цяпер ідзе змаганьне, супрацьстаяньне.
  • Хачу прыехаць з «Кастай» у Менск, Магілёў, Берасьце, ва ўсе вялікія гарады Беларусі і даць вялікія канцэрты. Наш новы альбом выходзіць 10 сьнежня. Мы ўжо падтрымлівалі беларусаў — у нас быў канцэрт у Пецярбургу, і яго паралельна трансьлявалі ў нейкі зь менскіх двароў. Мы перадавалі прывітаньні і атрымлівалі зваротную сувязь — праз Тэлеграм, Інстаграм. Гэта было файна.

Гурт «Каста»