Дзяўчаты з Pussy Riot прывязалі ля Крамля «амапаўца». ВІДЭА

Удзельніца Pussy Riot Марыя Алёхіна

Удзельніцы гурта Pussy Riot Марыя Алёхіна, Рыта Флорэс, а таксама мастак Фархад Ісрафілі-Гельман у суботу правялі ля Крамля акцыю супраць паліцэйскага гвалту «Асьцярожна, крохкае!». Пра гэта паведамляе «Новая газета».

Алёхіна і Флорэс апрануліся ў расейскі народны строй і прывязалі скотчам да слупа Ісрафілі-Гельмана, які быў у форме супрацоўніка АМАПу. Акцыяністы такім чынам выступілі супраць катаваньняў і гвалту з боку паліцыі. «Папяровы кубачак і плястыкавая бутэлька беспадстаўна сталі называцца зброяй, але ж самая жудасная зброя, накіраваную супраць простага народу — паліцэйская дзяржава», — гаворыцца ў заяве Pussy Riot. «Медиазона» паведамляе, што пазьней паліцыя затрымала Ісрафілі-Гельмана ў майстэрні, дзе мастак жыве.


7 кастрычніка група Pussy Riot прымеркавала акцыю супраць дзяржаўнай гамафобіі да дня нараджэньня прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Яны вывесілі вясёлкавыя сьцягі на будынках ФСБ, адміністрацыі прэзыдэнта, Вярхоўнага суду, суду «Басманны» і Міністэрства культуры ў Маскве. На працягу некалькіх тыдняў пасьля акцыі паліцыянты затрымалі ўсіх яе ўдзельнікаў для складаньня пратаколаў.