Бабруйскі суд прызнаў 53-гадовага Ігара і 24-гадовага Алега Букасаў вінаватымі ў гвалтоўных дзеяньнях супраць супрацоўнікаў унутраных справаў падчас выкананьня імі службовых абавязкаў (артыкул 364 КК). Букасу-старэйшаму прысудзілі 4 гады калёніі строгага рэжыму і забаранілі займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю на 3 гады і 7 месяцаў. Букасу-малодшаму — 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Сваю віну падсудныя прызналі, раскаяліся, а пацярпелы ад Букасаў супрацоўнік мясцовага ДАІ Ўладзімер Мяньшоў прасіў суд не пазбаўляць іх волі. Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Літвін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць за надпіс памяці забітага пратэстоўца Тарайкоўскага. Справы па факце сьмерці дагэтуль нямаНа Магілёўшчыне гэта трэці абвінаваўчы прысуд за напад на міліцыянтаў. Між тым 18 жніўня абласная тэлевізія са спасылкай на Сьледчы камітэт паведаміла, што ў ведамства паступіла «ня менш за 56 заяваў і паведамленьняў ад грамадзян, якія атрымалі цялесныя пашкоджаньні падчас затрыманьня ў пэрыяд з 9 жніўня», а таксама тры заявы «аб факце гвалту грамадзянаў над супрацоўнікамі міліцыі». Ад таго часу афіцыйныя зьвесткі пра вынікі праверак фактаў зьбіваньня міліцыянтамі грамадзян не агучваліся.
Міліцыянт прасіў не пазбаўляць волі
Інцыдэнт паміж Букасамі і міліцыянтамі адбыўся 10 жніўня на плошчы Леніна. У той дзень сілавікоў у цэнтры гораду было шмат. Па словах абвінавачаных, у акцыі пратэсту яны ня ўдзельнічалі.
Букас-старэйшы ўмяшаўся ў канфлікт супрацоўніка ДАІ Ўладзімера Мяньшова і жанчыны, якая голасна прасіла яе не караць ды адпусьціць. Букас зрабіў міліцыянту заўвагу, што на ягонай машыне няма налепкі пра тэхагляд. Супрацоўнік ДАІ загадаў сваім калегам «узяць актыўнага». Ратаваць бацьку, якога схапіў за руку Мяньшоў, кінуўся сын. Падчас штурханіны Букас-старэйшы адзін раз ударыў міліцыянта, а другога схапіў за форму, каб не дапусьціць падзеньня сына і яго траўмаваньня. У гэты момант яму нанесьлі некалькі ўдараў, ад якіх ён страціў прытомнасьць; калі ж ачуўся, то яшчэ адным ударам зьверху яму зламалі нос. Букаса-старэйшага вазілі ў лякарню, але ад шпіталізацыі ён адмовіўся. Адмахваючыся, Букас-малодшы ўдарыў у шалом міліцыянта. Яго (Букаса-малодшага) павалілі і затрымалі.
У судзе Ўладзімер Мяньшоў казаў, што Букас-старэйшы ўдарыў яго, вырываючы руку, а калі затрымліваў ягонага сына, то разам зь ім паваліўся. Міліцыянт даводзіў, што на месцы інцыдэнту сабраўся натоўп людзей, якія білі яго. На целе засталіся абдзерына і кровападцёк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦАНа вочных стаўках падсудныя прасілі прабачэньня перад Уладзімерам Мяньшовым. Той, у сваю чаргу, суду сказаў, што прэтэнзіяў да Букасаў ня мае, і прасіў не пазбаўляць іх волі, бо «яны дастаткова правялі часу за кратамі».
Дзяржаўная абвінаваўца Натальля Лосева хацела, каб Букаса-старэйшага пакаралі 4 гадамі калёніі строгага рэжыму і дадалі да іх неадбытае пакараньне паводле папярэдняга прысуду — 3 гады. Сыну ж каб прызначылі 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Паводле пракурора, учыненае Букасамі ўяўляе павышаную грамадзкую небясьпеку, бо лічыцца злачынствам супраць парадку кіраваньня. Яна адзначыла, што супрацоўнікі міліцыі выконвалі службовыя абавязкі непадалёк ад месца правядзеньня несанкцыянаванага мерапрыемства.
«Газ распыліў, але ня біў...»
Двума тыднямі раней, 13 лістапада, у тым жа Бабруйску на 2 гады ў калёнію агульнага рэжыму судзьдзя Антон Дудаль адправіў 22-гадовага мясцовага жыхара Ягора Храменю за напад на сяржанта міліцыі Дзьмітрыя Сакуна. Асуджаны, да таго ж, мусіць выплаціць пацярпеламу 1 тысячу рублёў кампэнсацыі.
Паводле сьледзтва, мужчына выцяў міліцыянта ў вуха ды пырснуў у яго пярцовым газам, ад чаго Сакун атрымаў апёк павек і абалонкі вачэй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася сьведчаньне, як сілавікі зьбіваюць затрыманых у аўтазаку. ВІДЭАІнцыдэнт здарыўся 9 жніўня, калі з цэнтру Бабруйску міліцыянты ў рыштунку выцясьнялі гараджан. Па словах Ягора Храмені, ён у акцыі пратэсту ня ўдзельнічаў, хоць выгукнуў колькі разоў «Жыве Беларусь». Яго спрабавалі затрымаць, але ён «інстынктыўна» распыліў у твар міліцыянту пярцовы газ з балёнчыка. На наступны дзень сам здаўся міліцыі. Тое, што ён біў міліцыянта, у судзе адмаўляў.
Ягор Храменя дзесяць гадоў займаецца баявымі адзінаборствамі і на судзе адзначыў: калі б яму давялося ўдарыць чалавека, то пашкоджаньні былі б нашмат больш сур’ёзныя.
Заступіўся за затрыманага, быў пабіты і двойчы асуджаны
17 лістапада магілёўцу Ўладзімеру Шуставу прысудзілі 3 гады калёніі агульнага рэжыму за гвалт над міліцыянтам. Паводле выраку судзьдзі Алены Літвіной, абвінавачаны паваліў участковага Аляксандра Шмаянкова, які быў у цэнтральнай частцы гораду на «зачыстцы», на тратуарную плітку, чым учыніў яму пабіцьцё. Міліцыянта прызналі пацярпелым.
Шустава, які ў мінулым быў камандзірам падразьдзяленьня АМАПу ды супрацоўнікам службы аховы Аляксандра Лукашэнкі, затрымалі разам з сынам 10 жніўня. На працэсе падсудны даводзіў, што яго абурыла, як міліцыянты б’юць і хапаюць мірных грамадзян. Адзін з амапаўцаў душыў хлопца за горла, і ён умяшаўся. За гэта яго самога ўдарылі дручком па галаве, а калі падаў, то галавой ударыў міліцыянта, які ўпаў на ягадзіцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому камандзіру АМАПу, якога пабілі сілавікі, прысудзілі 3 гады турмы за «гвалт над міліцыянтам»Паводле пацярпелага, ён Шустава ня біў, а паказваў кірунак, куды той меўся ісьці. Мужчына ж ударыў яго галавой і схапіў рукамі за ногі.
Шустава і ягонага сына асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пазьней Шустаў-старэйшы стаў фігурантам крымінальнай справы за «гвалт альбо пагрозу гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка ўнутраных спраў».
На працэсе падсудны казаў, што ў няволі напісаў заяву аб пабіцьці. Мэдыкі дыягнаставалі ў яго страсеньне галаўнога мозгу. Вынікі праверкі ягонай заявы дагэтуль невядомыя.
У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інтэрнэт-выданьняў «Бобруйский куръер» і «Вечерний Бобруйск»