Крыніцы ўкраінскага інтэрнэт-выданьня «Українська правда» ўдакладнілі, што гаворка тут пра апэратара Ігара Завідзея, які працаваў у Сырыі, а ў Беларусі адзначыўся нападам на журналіста Радыё Свабода Алеся Пілецкага і ўдзельнікаў акцый пратэсту.
Украінскія памежнікі не ўпусьцілі яго на тэрыторыю Ўкраіны, бо ён раней наведваў Крым з парушэньнем украінскага заканадаўства. Апроч таго, яму на тры гады забаранілі ўезд ва Ўкраіну.
12 верасьня ў Менску Ігар Завідзей накінуўся на Алеся Пілецкага, які асьвятляў жаночы марш, і спрабаваў забраць у яго тэлефон. Іншыя сьведкі гэтага інцыдэнту расказвалі, што здымачная група Завідзея працавала з прафэсійнай тэлетэхнікай безь якіх-небудзь апазнавальных знакаў. Яны чапляліся і да іншых журналістаў, а таксама да ўдзельніц маршу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З АНТ звольніліся каля чвэрці усіх супрацоўнікаў. Кім іх замянілі і што там адбываецца цяпер