Эўрапейскі парлямэнт на сваім пасяджэньні 26 лістапада прыняў рэзалюцыю ў сувязі зь няспыннымі парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі і, у прыватнасьці, з забойствам Рамана Бандарэнкі.
Яе падтрымалі прадстаўнікі ўсіх палітычных групаў Эўрапарлямэнту, апрача праварадыкальнай групы «Ідэнтычнасьць і дэмакратыя» і леварадыкальнай групы «Аб’яднаныя эўрапейскія левыя / Зялёныя левыя Поўначы».
За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 613 дэпутатаў, супраць — 41, устрымаліся 35 эўрапарлямэнтароў.
У рэзалюцыі апісваецца сытуацыя ў Беларусі і ранейшыя рашэньні міжнародных арганізацый. Зыходзячы з гэтага, Эўрапарлямэнт сфармуляваў наступныя 26 пунктаў, у якіх:
- Самым рашучым чынам асуджае забойства Рамана Бандарэнкі і выказвае спачуваньне яго сям’і і сем’ям усіх, хто страціў сваіх блізкіх у выніку рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі.
- Патрабуе неадкладнага, пільнага, бесстароньняга і незалежнага расьсьледаваньня сьмерці Рамана Бандарэнкі і зьвязаных з пратэстамі сьмерцяў Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Арцёма Парукава, Генадзя Шутава і Канстанціна Шышмакова.
- Зноў выказвае падтрымку беларускім пратэстоўцам у іх патрабаваньнях свабоды, дэмакратыі, годнасьці і права абіраць свой уласны лёс; асуджае няспынныя парушэньні правоў чалавека, запалохваньне і непрапарцыйнае ўжываньне сілы супраць мірных пратэстоўцаў.
- Заклікае беларускія ўлады спыніць усе формы гвалту, жорсткага абыходжаньня, гендэрна-базаванага гвалту і катаваньняў супраць беларускіх грамадзян і затрыманых, даць ім доступ да мэдычнай і юрыдычнай дапамогі, а таксама вызваліць неадкладна і безумоўна ўсіх асобаў, якія бялі адвольна затрыманыя, у тым ліку за ўдзел у пратэстах супраць вынікаў выбараў і супраць гвалту з боку ўладаў, або за выказваньне падтрымкі гэтым пратэстам.
- Рашуча асуджае любое выкарыстаньне запалохваньня, перасьледу, адвольных арыштаў і затрыманьняў, жорсткага абыходжаньня з грамадзянамі, і асуджае парушэньні правоў чалавека з боку беларускіх уладаў або ад іх імя; заклікае неадкладна спыніць усе формы перасьледу грамадзян, такія як звальненьне працоўных і выключэньне студэнтаў за ўдзел у страйках ці пратэстах, пазбаўленьне журналісцкай акрэдытацыі, карнае адключэньне камунальных паслуг, такіх як вада ці ацяпленьне, пазбаўленьне правоў на апеку над дзіцем, блякаваньне прыватных банкаўскіх рахункаў і адключэньне інтэрнэту.
- Заклікае ўсіх беларускіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў і ўсіх, хто дзейнічае ад імя беларускіх уладаў, неадкладна спыніць выкарыстаньне гвалту супраць мірных грамадзян і ўстрымацца ад выкананьня далейшых злачынных загадаў і інструкцый па выкарыстаньні дыспрапарцыйнай сілы, гвалту, катаваньняў і жорсткага абыходжаньня з грамадзянамі; заклікае ўвесьці канкрэтнае вызначэньне катаваньняў у Крымінальны кодэкс Беларусі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі правоў чалавека і зьмяніць заканадаўства такім чынам, каб крыміналізаваць прымусовыя зьнікненьні.
- Асуджае поўнае нежаданьне ўладаў расьсьледаваць выпадкі жорсткага абыходжаньня і катаваньняў з боку праваахоўнікаў, у той час як заводзяцца крымінальныя справы супраць мірных грамадзян; падкрэсьлівае, што гэта сьведчыць пра наўмысную і сыстэматычную палітыку рэпрэсій і беспакаранасьці, якую яшчэ больш падкрэсьлівае той факт, што задзейнічаныя ў гэтым супрацоўнікі міліцыі і спэцслужбаў працягваюць атрымліваць высокія ўзнагароды за свой удзел у злачынствах супраць народу.
- Не прызнае вынікаў так званых прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году і выказвае сваю адназначную падтрымку народу Беларусі ў яго законных патрабаваньнях неадкладнага спыненьня аўтарытарных рэпрэсіяў, павагі да фундамэнтальных свабодаў і правоў чалавека, правядзеньня новых, свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і пад назіраньнем Офіса АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека.
- Заклікае ўсе фірмы, якія працуюць у Беларусі, праяўляць асаблівую пільнасьць і выконваць свае абавязаньні адносна павагі да правоў чалавека ў адпаведнасьці з прынцыпамі ААН датычна бізнэсу і правоў чалавека.
- Настойвае на неабходнасьці забясьпечыць права грамадзян на свабоду сходаў, асацыяцый, выказваньняў і думак, а таксама свабоду мэдыя, і таму зьняць усе абмежаваньні ў законе і на практыцы, якія перашкаджаюць гэтым свабодам.
- Зноў падкрэсьлівае важнасьць усталяваньня вяршэнства закону, каб паважаліся асноўныя свабоды і правы чалавека, а таксама каб была дзейная незалежная судовая ўлада, што гарантавала б права на адваката, справядлівы суд і юрыдычную дапамогу.
- Рашуча асуджае працяг выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня і заклікае да яго неадкладнай і сталай адмены, а пакуль гэтага не адбудзецца, да мараторыю на сьмяротнае пакараньне і да эфэктыўнага права апэляцыі супраць сьмяротных пакараньняў.
- Заклікае ЭЗ падтрымаць міжнароднае расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць народу Беларусі; лічыць, што такое расьсьледаваньне трэба падтрымаць стварэньнем цэнтру па зборы доказаў і рабочай групы Эўразьвязу з экспэртаў у міжнародным праве, якая б садзейнічала будучым міжнародным расьсьледаваньням. Заклікае Эўракамісію, краіны Эўразьвязу і Эўрапейскую службу вонкавых дзеяньняў даць поўную падтрымку намаганьням Рады ААН у правах чалавека і Маскоўскага мэханізму АБСЭ, а таксама праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасьці, каб забясьпечыць дакумэнтаваньне і паведамленьне пра парушэньні правоў чалавека і, у далейшым, адказнасьць вінаватых і справядлівасьць для ахвяраў.
- Асуджае дзеяньні Нацыянальнага сходу Беларусі ў пазбаўленьні грамадзян беларускага грамадзянства з палітычных прычын.
- Асуджае перасьлед жанчын-праваабаронцаў, у прыватнасьці арышты Марфы Рабковай і Марыны Кастылянчанкі з праваабарончага цэнтру «Вясна», і заклікае неадкладна спыніць гендэрна-базаваны перасьлед актывістак.
- Лічыць, што ўручэньне прэміі Сахарава за свабоду думкі — 2020 дэмакратычнай апазыцыі Беларусі пакуль можа адбыцца ў форме дыстанцыйнай цырымоніі, у сувязі з пандэміяй. Аднак падкрэсьлівае, што фізычная цырымонія павінна быць арганізаваная, калі гэта дазволіць сытуацыя.
- Падкрэсьлівае, што захады, ужытыя Эўразьвязам і яго краінамі-ўдзельніцамі супраць рэжыму Лукашэнкі, дагэтуль былі недастатковыя, і вітае рашэньне Эўрапейскай рады аб працы над трэцім пакетам санкцый, скіраваных супраць фірмаў і алігархаў, зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі. Заклікае да вартага даверу пашырэньня сьпісу санкцыяў ЭЗ.
- Падтрымлівае стварэньне неадкладнай місіі Эўрапейскага парлямэнту ў Вільню і Варшаву для высьвятленьня фактаў, а таксама камунікацыю з апазыцыяй у Беларусі, каб высьветліць магчымасьці пасярэдніцтва і ініцыятываў у падтрымку дэмакратыі. Падкрэсьлівае неабходнасьць далейшага пасярэдніцтва і ініцыятываў у падтрымку дэмакратыі, такіх як Місія высокага ўзроўню, якая б сьледавала за місіяй для высьвятленьня фактаў.
- Заклікае да поўнага замарожваньня ўсіх трансфэраў фондаў Эўразьвязу, у тым ліку пазыкаў Эўрапейскага банку інвэстыцый, Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця ды іншых для цяперашняга беларускага ўраду і праектаў пад дзяржаўным кантролем. Заклікае Эўрапейскую службу вонкавых дзеяньняў прыпыніць перамовы аб прыярытэтах партнэрства ЭЗ-Беларусь, пакуль не адбудуцца свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары.
- Заклікае ЭЗ і краіны Эўразьвязу павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці і павялічыць кантакты ЭЗ і падтрымку незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў і незалежных журналістаў, асабліва тых, хто ў зьняволеньні, адсочваючы іх судовыя працэсы. Заклікае Эўракамісію неадкладна стварыць праграму стыпэндый для студэнтаў і навукоўцаў, выключаных зь беларускіх унівэрсытэтаў за іх прадэмакратычную пазыцыю. Заклікае Эўракамісію запусьціць мэтавую праграму дапамогі ЭЗ, каб дапамагчы ахвярам палітычных рэпрэсій і паліцэйскага гвалту.
- Асуджае высылку эўрапейскіх дыпляматаў зь Беларусі і заклікае ЭЗ і краіны Эўразьвязу разгледзець магчымасьць панізіць узровень дыпляматычнага ўзаемадзеяньня з краінай.
- Заклікае краіны Эўразьвязу і Эўракамісію ажыцьцявіць рэкамэндацыі дакладчыка Маскоўскага мэханізму АБСЭ, каб даць прытулак у выпадках перасьледу, прадугледжаных Жэнэўскай канвэнцыяй аб статусе ўцекачоў. Заахвочвае краіны Эўразьвязу ў гэтым кантэксьце далей спрыяць працэдуры атрыманьня візаў для тых, хто ўцякае зь Беларусі з палітычных прычын, і забясьпечыць ім і іх сем'ям усю неабходную падтрымку і дапамогу.
- Асуджае здушэньне мэдыя і доступу да інтэрнэту, пашырэньне дэзынфармацыі і зьбіваньне, арышты і запалохваньне журналістаў і блогераў. Падкрэсьлівае права народу Беларусі мець бесьперашкодны доступ да інфармацыі. Заклікае ЭЗ скарыстацца сваімі інструмэнтамі, каб падтрымаць СМІ і журналістаў, якія трапілі пад перасьлед рэжыму.
- Настойвае, што беларускія працоўныя павінны мець магчымасьць скарыстацца сваім правам на мірны страйк бяз рызыкі звальненьня, арышту ці іншых пакараньняў.
- Паўтарае свой заклік да Эўрапейскай рады і Эўракамісіі прыняць усёахопныя эфэктыўныя і своечасовыя абмежавальныя захады на ўзроўні ЭЗ, так званы Эўрапейскі акт Магніцкага, які б дазволіў санкцыі супраць любой асобы, дзяржаўных і недзяржаўных субʼектаў і любых іншых субʼектаў, якія адказныя за цяжкія парушэньні правоў чалавека, злоўжываньні і карупцыю ці маюць да іх дачыненьне, безь ніякага далейшага адкладу.
- Інструктуе старшыню Эўрапарлямэнту перадаць рэзалюцыю ў Эўрапейскую раду, у Эўракамісію, віцэ-прэзыдэнту Эўракамісіі / Высокаму прадстаўніку Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі, урадам і парлямэнтам краін Эўразьвязу, Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе і ўладам Рэспублікі Беларусь.