Зь Міністэрства сельскай гаспадаркі звольнілі памочніцу міністра. Сама яна кажа, што за пратэставыя настроі. Па словах міністра — гэта «недапушчальныя рэчы» для дзяржслужбоўца. Пра гэта паведамляе «Эўрарадыё».
Алеся Гаркуша працавала ў міністэрстве амаль два гады, мае трэцюю клясу дзяржслужачага, агульны стаж дзяржслужбы — 17 гадоў. Упершыню праблемы на працы ў яе зьявіліся пасьля выбараў.
«Майму былому кіраўніку было паведамлена, што „памочніца падтрымлівае пратэставыя настроі“. Як там за намі глядзяць — вядома ім адным, але мяркую, што праз сацыяльныя сеткі», — лічыць Алеся Гаркуша.
Па яе словах, перад звальненьнем міністар Дрожжа выказваў незадаволенасьць яе працай. Сярод іншага, гаворка ішла пра падтрымку пратэставых настрояў. Па словах міністра, гэта на яе пасадзе — рэч недапушчальная.
На мітынгі Алеся Гаркуша не хадзіла. Яе пратэставыя настроі выяўляліся ў «Фэйсбуку» — праз падабайкі і рэпосты.
Алеся Гаркуша прыгадвае: усё, зьвязанае зь мірнымі мітынгамі, у міністэрстве асуджалася. Аж да звальненьняў.
«Гэта жорстка адсочвалася. Напрыканцы мне было сказана: „Сходзіш хоць на адну дэманстрацыю — пойдзеш па этапе“. Пагроза гэта была ці папярэджаньне — я ня ведаю. Але нават цяпер я не адчуваю сябе ў бясьпецы», — сказала яна.
Гвалт на вуліцах Беларусі выклікаў у дзяўчыны шок. Закрыць на гэта вочы яна не змагла.
«Жудасна. Я наогул ня думала, што пры маім жыцьці засьпею тое, што здарылася. Гэта як дрэнны сон, як быццам штосьці нерэальнае. Гэта не XXI стагодзьдзе, гэта не эўрапейская краіна. У маім разуменьні гэтага наогул не магло адбыцца. Павінен быць дыялёг, толькі дыялёг. Ні кроплі крыві, ні кроплі гвалту», — сказала Алеся Гаркуша.