Польскія пісьменьнікі выказалі салідарнасьць зь беларускімі «ў гадзіну выпрабаваньня»

Польская нобэлеўская ляўрэатка Вольга Такарчук на кніжным кірмашы ў Лёндане, сакавік 2017.

Больш за 50 польскіх пісьменьнікаў падпісаліся пад адкрытым лістом да беларускіх літаратараў, у якім асуджаюць беларускія «самазваныя ўлады, якія топчуць Канстытуцыю і асноўныя правы чалавека і грамадзяніна».

Адказваючы на адкрыты ліст беларускай пісьменьніцкай супольнасьці, польскія пісьменьнікі напісалі, сярод іншага:

«У цяжкі і для Польшчы час мы са сьціснутым сэрцам чытаем ваш адкрыты ліст і навіны, якія надыходзяць зь Беларусі, пра штораз шырэйшыя бяспраўе і гвалт. (…) У гадзіну выпрабаваньня будзьце ўпэўненыя ў нашай салідарнасьці. Правы чалавека аднолькавыя для ўсіх — у іх абароне мы заўсёды змагаемся за нашу і вашу свабоду».

Пад лістом падпісалася пляяда найбольш вядомых польскіх пісьменьнікаў, сярод якіх: Вольга Такарчук, Юзэф Гэн, Уршуля Козел, Рышард Крыніцкі, Эва Ліпска, Пётар Сомэр, Малгажата Шэйнэрт, Адам Паморскі, Адам Загаеўскі.