Цяпер у сьпісе беларускіх палітвязьняў 143 прозьвішчы.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з супольнай заявай з нагоды крымінальнага перасьледу трох беларускіх журналістак, якія выконвалі свае прафэсійныя абавязкі.
Журналістка партала Tut.by Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцьці мэдыцынскай таямніцы зьбітага да сьмерці Рамана Бандарэнкі (ч.3 арт. 178 КК). Яна прывяла ў артыкуле словы лекара аб адсутнасьці ў крыві Рамана алькаголю, што супярэчыла заявам прадстаўнікоў уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International прызнала лекара Арцёма Сарокіна і журналістку tut.by Кацярыну Барысевіч вязьнямі сумленьняЖурналісткі тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дарʼя Чульцова сталі фігуранткамі крымінальнай справы аб арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК), пасьля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» у Менску 15 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ патрабуе вызваленьня журналістак Андрэевай, Барысевіч, Чульцовай, спыненьня перасьледу яшчэ шасьці калегаў«У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці, адзначаем, што перасьлед журналістак з боку беларускіх уладаў зьвязаны з выключна мірным ажыцьцяўленьнем абвінавачанымі свабод, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека — свабоды выказваньня свайго, свабоды слова і права на інфармацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі заклікаў неадкладна вызваліць зьняволеных беларускіх журналістаўУ гэтым кантэксьце лічым пазбаўленьне волі адвольным і палітычна матываваным, а саміх журналістак палітычнымі зьняволенымі. У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызваленьня з-пад варты Кацярыны Барысевіч, Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай і спыненьня крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да іх.
- Неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў і спыненьня палітычных рэпрэсій у краіне».
Заяву падпісалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»;
- Простае таварыства «Ініцыятыва FORB»;
- Ініцыятыўнай група «Ідэнтычнасьць і права»;
- РПГА «Беларускі Хэльсінкскі камітэт»;
- Беларускі Дакумэнтацыйны цэнтар;
- Беларускі ПЭН-цэнтар;
- Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend;
- Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава.