На «Беларуськаліі» да страйку шахтароў далучылася жанчына

Беларуськалій, Салігорск, абвал шахты

Як паведамляе страйкам «Беларуськалію», увечары 24 листапада да іх далучылася Маргарыта Осіпава зь Бярозаўскага рудніка. Яна цалкам падтрымала патрабаваньні страйкаму.

Апрача яе, пачаў страйкаваць брыгадзір з 3-га рудаўпраўленьня Сяргей Журневіч.

Учора, 24 лістапада, у 01:30​ Аляксандар Клязовіч, машыніст горных машын рудніка 4-га рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій», адмовіўся падымацца «на гара» і заявіў аб далучэньні да страйку.

У 01:50 атрад ратавальнікаў спусьціўся ў шахту. Пазьней да будынка 4 рудаўпраўленьня прыбыло кіраўніцтва. Ратавальнікі вывезьлі Клязовіча з шахты ў 4:30. Пазьней машына хуткай дапамогі з Аляксандрам Клязовічам выехала за тэрыторыю 4РУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Беларуськаліі» яшчэ адзін шахтар далучыўся да страйку і застаўся ў забоі. Раніцай яго вывезьлі з шахты

Страйкам апублікаваў заяву шахтара Клязовіча:

«Я, Клязовіч Аляксандар, машыніст горных выемачных машын рудніка 4 рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій», заяўляю, што не гатовы мірыцца з прававой сваволяй, якая адбываецца ў нашай краіне.

Чарговае забойства на мінулым тыдні маладога хлопца, бессэнсоўныя па сваёй жорсткасьці затрыманьні грамадзян на мірных акцыях, прымяненьне сьвятлашумавых гранат і газу супраць пэнсіянэраў, пагрозы зброяй і арышты бацькоў на вачах маленькіх дзяцей – гэта ўсё паказвае нізасьць і подласьць людзей, якія захапілі ўладу ў нашай краіне.

Я адмаўляюся сваёй працай спансаваць прадстаўнікоў нелегітымнага рэжыму, які лічыць нас рабамі, якія абавязаны шчыраваць на іх за падачкі. Нас пазбавілі годнага жыцьця, права выбару. Я лічу, што страйк – адзіны законны і бяскроўны спосаб спыніць самаўпраўнасьць і гвалт, таму падтрымліваю патрабаваньні страйкаму і далучаюся да страйку».

Раней некалькі шахтароў «Беларуськалію» абвяшчалі страйк і адмаўляліся выходзіць з забою, усіх іх даставалі на паверхню брыгады ратавальнікаў.

Адміністрацыя прадпрыемства 20 лістапада звольніла 49 страйкоўцаў.

Паводле тэлеграм-каналу страйкоўцаў «Беларуськалію», у страйку ўдзельнічаюць каля 90 чалавек.

На «Беларуськаліі» працуюць больш за 16 тысяч чалавек.