Джо Байдэн прадставіў кандыдатаў на ключавыя пасады ў сфэры дыпляматыі і бясьпекі

Абраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Дзяржаўным сакратаром плянуецца прызначыць Энтані Блінкена, а былы дзяржаўны сакратар Джон Керы стане спэцыяльным пасланьнікам у пытаньнях клімату, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Абраны прэзыдэнт Джо Байдэн і абраны віцэ-прэзыдэнт Камала Гарыс ў аўторак правялі мерапрыемства ў Уілмінгтане, штат Дэлавэр, прадстаўляючы людзей, якіх плянуецца вылучыць на найвышэйшыя пасады ў галіне дыпляматыі і нацыянальнай бясьпекі ў новай адміністрацыі.

Байдэн плянуе прызначыць Энтані Блінкена дзяржаўным сакратаром, Алехандра Маёркаса — міністрам ўнутранай бясьпекі, Аўрыл Гэйнз — дырэктарам Нацыянальнай выведкі, Лінду Томас-Грынфілд — паслом ЗША ў ААН, Джэйка Салівана — дарадцам па нацыянальнай бясьпецы і Джона Керы — адмысловым пасланьнікам прэзыдэнта ў пытаньнях клімату.

Энтані Блінкен

У сваім выступе Байдэн заявіў, што пад яго кіраўніцтвам ЗША будуць адыгрываць ролю лідэра ў Ціхаакіянскім і Атлянтычным рэгіёнах. Ён таксама выказаў намер умацоўваць альянсы ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Абраны прэзыдэнт адзначыў, што падчас тэлефонных гутарак з сусьветнымі лідэрамі яго ўразіла, «зь якім нецярпеньнем яны чакаюць, калі Злучаныя Штаты вернуць сваю гістарычную ролю сусьветнага лідэра ў Ціхаакіянскім рэгіёне, у Атлянтыцы і ва ўсім сьвеце».

Ён таксама запэўніў, што ня будзе ўцягваць краіну ў непатрэбныя канфлікты.

Паводле Байдэна, выбраныя ім кандыдатуры служаць адлюстраваньнем яго перакананьня ў тым, што «Амэрыка мае найбольшую сілу, калі супрацоўнічае з саюзьнікамі». «Гэта каманда, якая адлюстроўвае той факт, што Амэрыка гатовая зноў весьці сьвет за сабой, а не заставацца ад яго ўбаку», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пачынаецца працэс перадачы ўлады ад Дональда Трампа Джозэфу Байдэну

Ён таксама падкрэсьліў, што праблема зьмены клімату стане адным з прыярытэтаў яго адміністрацыі. Былы дзяржсакратар Джон Керы будзе курыраваць намаганьні ў барацьбе са зьменай клімату ў якасьці спэцыяльнага пасланьніка прэыдэнта і ўвойдзе ў склад Рады нацыянальнай бясьпекі. Гэта першы выпадак, калі ў Раду ўвойдзе супрацоўнік, які займаецца праблемамі зьмены клімату.

Як заявіў Керы, ён падзяляе меркаваньне Байдэна аб неабходнасьці вярнуцца ў Парыскае пагадненьне па клімаце, аднак лічыць, што аднаго гэтага пагадненьня недастаткова.

Прадстаўляючы Блінкена, абраны прэзыдэнт выказаў упэўненасьць, што гэты дасьведчаны дыплямат зможа ўмацаваць маральны дух Дзяржаўнага дэпартамэнту і павысіць давер грамадзкасьці да зьнешнепалітычнага ведамства. Блінкен у мінулым займаў пасаду намесьніка дзяржсакратара і іншыя высокія пасады на Капіталійскім пагорку, у Белым доме і ў Дзярждэпартамэнце.

Томас-Грынфілд, якая мае 35-гадовы досьвед дыпляматычнай службы і якая працавала на чатырох кантынэнтах, заявіла, што з прыходам адміністрацыі Байдэна дыпляматыі будзе вернутая яе роля.

Алехандра Маёркас быў намесьнікам міністра ўнутраных справаў і тройчы на працягу сваёй кар’еры быў зацьверджаны Сэнатам на розныя пасады. Ён стане першым лацінаамэрыканцам і імігрантам, прызначаным на пасаду міністра ўнутранай бясьпекі.

Аўрыл Гэйнз у мінулым займала пасады намесьніка дырэктара ЦРУ і намесьніка дарадніка па нацыянальнай бясьпецы. Яна стане першай жанчынай, якая ўзначаліла выведную супольнасьць ЗША.

Джэйк Саліван стане адным з самых маладых дараднікаў па нацыянальнай бясьпецы за апошнія дзесяцігодзьдзі.