Ва Ўкраіне Нацыянальны ўнівэрсытэт «Кіева-Магілянская акадэмія», улічваючы складаную палітычную сытуацыю ў Беларусі, распрацаваў адмысловую праграму навучаньня для беларускіх студэнтаў, выключаных з вышэйшых навучальных установаў у Беларусі за сваю актыўнасьць.
У прыватнасьці прапануюць праграму паступленьня на першы курс і працяг навучаньня з другога курсу паводле бакаляўрскіх і магістарскіх праграм. На іх абвешчаны спэцыяльны дадатковы прыём да 15 сьнежня. Кіраўніцтва акадэміі гарантуе, што пры залічэньні на навучаньне беларускія студэнты будуць забясьпечаныя інтэрнатам для пражываньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва гатовая прыняць студэнтаў зь БеларусіГутарку па залічэньні праводзяць дыстанцыйна, на падставе запоўненай рэгістрацыйнай формы. У нацыянальным унівэрсытэце таксама запэўнілі, што сваё навучаньне беларускія студэнты будуць аплачваць паводле цэнаў, прадугледжаных для ўкраінскіх студэнтаў.
Беларускія студэнты могуць выбраць для навучаньня на бакаляўра адну з 23 спэцыяльнасьцяў. Кошт аднаго году навучаньня — ад 21 да 56 тысячаў грыўняў (ад 0,7 да 2 тысячаў даляраў у эквіваленце).
Для навучаньня паводле магістарскай праграмы беларусам даступныя тыя самыя 23 спэцыяльнасьці з коштам за год ад 19 да 56 тысячаў грыўняў (ад 0,67 да 2 тысячаў даляраў у эквіваленце).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праграма імя Каліноўскага пасьля хвалі адлічэньняў беларускіх студэнтаў абвясьціла дадатковы набор у польскія ВНУУ верасьні выкладчыкі, студэнты, супрацоўнікі і выпускнікі Кіева-Магілянскай акадэміі заявілі пра сваю падтрымку і салідарнасьць з грамадзянамі Беларусі, якія выйшлі на мірныя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацый на выбарах. Асобна сваю падтрымку яны выказалі студэнтам, якіх пачалі перасьледаваць нават ва ўнівэрсытэтах.
«Мы, магілянцы, былі сярод ініцыятараў і актыўных удзельнікаў Аранжавай рэвалюцыі і Рэвалюцыі годнасьці. Мы ведаем, што кожны чалавек мае права на свабоду і годнасьць. Мы перакананыя, што кожны чалавек мае права абараняць і абараняцца, калі гэтыя асноўныя прынцыпы парушаюцца», — адзначалася ў заяве.
Кіева-Магілянская акадэмія мае 400-гадовую гісторыю і цяпер ужо статус нацыянальнага ўнівэрсытэту.
11 лютага 2016 году навуковая рада акадэміі на сваім паседжаньні прагаласавала за наданьне званьня «Ганаровы доктар НаУКМА (Honoris Causa)» Сьвятлане Алексіевіч, выбітнай беларускай пісьменьніцы, ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры 2015 году.