Бацька Мікалая Дзядка патрабуе завядзеньня крымінальнай справы па факце зьбіцьця сына.
Аляксандар Дзядок патрабуе прыцягненьня да адказнасьці ўсіх, хто «рабіў незаконнае затрыманьне Мікалая, б'ючы яго і ўжываючы да яго катаваньні, як у кватэры, так і ў будынку ГУБАЗіКу, прымушаючы яго гаварыць на камэру прыніжальныя паказаньні пад сьцягам».
Аляксандар Дзядок расказаў Праваабарончаму цэнтру «Вясна», па факце якіх катаваньняў Мікалая ён падаў заяву ў Сьледчы камітэт і чаго патрабуе ад ведамства.
Пасьля затрыманьня Мікалая Дзядка 12 лістапада МУС паведамляла, што ён «публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках. Прэс-служба ведамства апублікавала відэа, на якім Мікалай Дзядок выглядае моцна пабітым.
«На такія зьдзекі яны атрымалі дазвол з самага верху»
Паводле бацькі Мікалая, увечары 12 лістапада да яго ў кватэру ўварваліся сем супрацоўнікаў ГУБАЗіК, пасьля чаго пачалі біць, пагражаць і катаваць Міколу:
«Нягледзячы на тое, што ён быў адзін у кватэры, не аказваў ім ніякага супраціву, быў бяззбройны і зусім не агрэсіўны, яго сталі біць, патрабуючы нейкіх прызнаньняў і паролі да кампутара і Telegram.
Да яго ўжываліся катаваньні з мэтай падаўленьня яго волі, у тым ліку пагрозы больш жорсткага фізычнага гвалту. Да яго былі ўжытыя катаваньні газам, распыленым у твар, пры гэтым яго рукі былі скаваныя ззаду.
Усё гэта мне вядома з апублікаванага МУС відэа, з апавяданьняў Мікалая адвакату і з хадайніцтва адваката сьледчаму. Адвакатка бачыла на целе і на твары Мікалая множныя пашкоджаньні, атрыманыя падчас зьбіцьця ў кватэры і ў будынку ГУБАЗіКу ў Менску. Таксама супрацоўнікі ведамства пагражалі Мікалаю далейшым гвалтам, калі ён будзе расказваць аб злачынных дзеяньнях бандытаў з ГУБАЗіКу.
Яны, цынічна зьдзекуючыся зь Мікалая, паверыўшы ў сваю ўсёдазволенасьць і беспакаранасьць, паказалі жорстка пабітага імі чалавека па цэнтральным тэлебачаньні. Гэта сьведчыць аб тым, што на такія зьдзекі яны атрымалі дазвол з самага верху. Безь яго гэтыя баязьліўцы не паказалі б такое на тэлевізіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатка Міколы Дзядка параўнала яго затрыманьне з катаваньнямі ў Чачэніі«Ня спынімся ў барацьбе за жыцьцё і здароўе Мікалая»
Аляксандар Дзядок кажа, што блізкія і адвакат Мікалая маюць намер выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы адстойваньня і абароны яго правоў:
«Што тычыцца далейшага, магу толькі сказаць, што мой сын не злачынец, а адзін з найлепшых прадстаўнікоў нашага грамадзтва. Незалежна ад рашэньня, якое будзе прынята па маёй заяве, гэта значыць калі ня будзе заведзеная крымінальная справа і бандытаў з ГУБАЗіКу не прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці, мы ня спынімся ў барацьбе за жыцьцё і здароўе Мікалая».
У чым абвінавачваюць Мікалая Дзядка
Міколу Дзядка, блогера, анархіста і палітычнага аналітыка, затрымалі 12 лістапада.
Адміністратару тэлеграм-каналу «Mikola» Мікалаю Дзядку выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сам блогер не прызнае сябе вінаватым.
Мікалай Дзядок, блогер анархісцкіх поглядаў, знаходзіцца ў карантыннай камэры СІЗА № 1. Пасьля яго затрыманьня МУС паведамляла, што Дзядок «публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках і сілавых акцыяў «прамога дзеяньня», таксама ў тэлеграм-канале, які адміністраваў Мікалай, публікаваліся асабістыя зьвесткі супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Раней адвакатка хадайнічала аб правядзеньні мэдычнага агляду і прызначэньні судова-мэдычнай экспэртызы цялесных пашкоджаньняў у Міколы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатка Міколы Дзядка параўнала яго затрыманьне з катаваньнямі ў Чачэніі
На відэа, якое распаўсюдзіла МУС, Мікола Дзядок выглядае моцна пабітым, на твары ў яго пашкоджаньні.
У 2010 годзе Мікола Дзядок быў затрыманы ў справе аб нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі. У зьняволеньні ён быў амаль пяць гадоў — ад верасьня 2010 да жніўня 2015-га. Пасьля вызваленьня жыў у Менску, Вільні, Коўне. Аднавіўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце і скончыў навучаньне ў праграме «Міжнародная палітыка і эканоміка».