Кіраўнік Ізраілю правёў сакрэтную сустрэчу з насьледным прынцам Саудаўскай Арабіі

Прэм'ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу

У нядзелю, 22 лістапада, прэм'ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу ўпершыню наведаў Саудаўскую Арабію. У сакрэтнай абстаноўцы ён сустрэўся з насьледным прынцам Мухамэдам бін Салманам і дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэо.

Як паведамляе францускае агенцтва France-Presse, Нэтаньягу вылецеў на прыватным самалёце разам з кіраўніком ізраільскай выведкі «Масад» Ёсі Коэнам. Самалёт прызямліўся ў правінцыі Табук, на паўночным захадзе каралеўства.

Ізраільскія СМІ сталі першымі, хто паведаміў гэтую навіну. France-Presse атрымала пацьверджаньне гэтай інфармацыі ад крыніцы ва ўрадзе Ізраілю. Карэспандэнт агенцтва зьвязаўся з офісам прэм’ер-міністра, аднак там адмовіліся размаўляць на тэму візыту ізраільскага лідэра ў Саудаўскую Арабію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраільцянін, які перажыў катаваньні з боку сілавікоў у Менску, падаў заяву ў паліцыю Ізраілю

ЗША і Ізраіль на Блізкім Усходзе спрабуюць разьвіваць адносіны з тымі дзяржавамі, якія зьяўляюцца апанэнтамі Ірану. Саудаўская Арабія – адна з такіх краін.

У саудаўскіх СМІ не зьявілася ані слова аб сакрэтнай сустрэчы. На запыты агенцтва France-Presse не адказалі ні прадстаўнікі каралеўскага двара, ні міністэрства друку Саудаўскай Арабіі, падкрэсьлівае Міжнароднае францускае радыё.

А міністар замежных спраў Саудаўскай Арабіі прынц Фэйсал бін Фархан Аль Сауд абверг паведамленьні аб сустрэчы насьледніка пасаду і Нэтаньягу абверг, паведаміла агенцтва Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пачынаецца працэс перадачы ўлады ад Дональда Трампа Джозэфу Байдэну

Пазьней, падчас выступу ў парлямэнце, Біньяміну Нэтаньягу прыйшлося адказваць на пытаньне пра візыт у Саудаўскую Арабію. Прэмʼер сказаў, што «за ўсе гады ніколі не камэнтаваў такіх рэчаў і не зьбіраюся гэтага рабіць цяпер».

Міністар абароны Ізраілю Бэні Ганц асудзіў «безадказны выцек інфармацыі пра сакрэтны палёт у Саудаўскую Арабію».