Аб стаўленьні Расеі і яе кіраўніка Ўладзіміра Пуціна да Лукашэнкі Tut.by расказаў расейскі журналіст і грамадзкі дзеяч Мікалай Сванідзэ.
Больш за тры месяцы ў Беларусі працягваюцца пратэсты, што пачаліся пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў. Дзясяткі тысяч людзей адбылі або працягваюць адбываць пакараньне, сотнямі заводзяць крымінальныя справы ў дачыненьні да пратэстоўцаў, а факты гвалту з боку сілавікоў і забойстваў застаюцца па-за полем зроку праваахоўных органаў, крымінальныя справы не заводзяцца.
Нягледзячы на гэта, Масква пакуль лаяльная да Аляксандра Лукашэнкі, але гэта ня будзе доўга, перакананы Мікалай Сванідзэ.
– Як раней, дакладна ня будзе. Думаю, усё ж такі будзе лепш, – заявіў Сванідзэ.– Вельмі на гэта спадзяюся і вам гэтага жадаю. Мы глядзім на вас і маем на ўвазе сваю ўласную будучыню. І ад таго, што і як атрымаецца ў вас, можа залежаць тое, што атрымаецца ў нас. Хоць сытуацыі ў нас розныя. У беларусаў ёсьць Расея, а ў нас – толькі мы і нікога іншага, хто б мог паўплываць на наш лёс. У любым выпадку, думаю, Лукашэнка асуджаны. Абсалютна. На сто адсоткаў ён палітычны труп.
– А як жа падтрымка яго Пуціным? Не ўратуе?
– Незалежна ад гэтай падтрымкі, тым больш яна абмежаваная ў часе. Думаю, ён Пуціну ўжо не цікавы, таму што яму не цікавы чалавек, які не можа трымаць рэспубліку ў цуглях. А Лукашэнка страціў кантроль у краіне. Гэта абсалютна непапулярны чалавек, улада якога трымаецца толькі на падтрымцы сілавікоў. Пуціну не цікавы чалавек, які сядзіць на штыках. Тым больш Лукашэнка яму антыпатычны, а Пуцін – чалавек суб'ектыўны. Калі б паміж імі было асабістае сяброўства, на падтрымку можна было б разьлічваць. Але тут сяброўствам нават ня пахне.