Bloomberg склаў рэйтынг найбольш запатрабаваных вакцынаў ад COVID-19. Паводле агенцтва, больш за ўсё папярэдніх замоваў на пастаўкі прэпарату мае брытанскі вытворца AstraZeneca.
Паводле Bloomberg’а, больш за 40% закупак вакцыны AstraZeneca, або 2,4 млрд дозаў, прыпадае на краіны зь сярэднім і нізкім узроўнямі даходаў. Для параўнаньня: ЗША замовілі 300 млн дозаў гэтага прэпарату, эўрапейскія краіны — 505,3 млн дозаў. Сярэдняя эфэктыўнасьць вакцыны AstraZeneca склала 70% супраць 95% у амэрыканскіх Pfizer і Moderna.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адна вакцына супраць COVID-19 паказала высокую эфэктыўнасьцьЯк адзначае Bloomberg, такі попыт вынікае з даступнасьці вакцыны AstraZeneca. Кампанія заявіла, што трымацьме цану на прэпарат на ўзроўні 4–5 даляраў. Для параўнаньня: цана дозы вакцыны ад Pfizer для ЗША склала 19,5 даляраў, а ад Moderna — 32–37 даляраў, паведаміў Bloomberg.
Другое месца паводле колькасьці замоваў на вакцыну ад каранавірусу трымае амэрыканскі вытворца Novavax, трэцяе — Johnson & Johnson, чацьвёртае — Sanofi/Glaxo, пятае — Pfizer/BioNTech, шостае — Moderna, сёмае — расейскі Спутник V.