Затрыманы лекар лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі, якога Генпракуратура падазрае ў выдаваньні мэдычнай тайны, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Натальля.
Знаходжаньне пад вартай яму працягнулі і дазволілі перадаць перадачы.
Муж Натальлі працуе анэстэзіёлягам-рэаніматолягам ў бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі. Ён доктар найвышэйшай катэгорыі, яму 36 гадоў. Натальля таксама лекарка, яны маюць траіх дзяцей. Сям’я жыве ў Пухавіцкім раёне.
19 лістапада Генпракуратура паведаміла, што распачала крымінальную справу супраць доктара лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі і іншай асобы на падставе ч. 3 арт. 178 КК (выдаваньне мэдычнай тайны, якое прывяло да цяжкіх наступстваў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская: затрыманьнем лекара рэжым прызнаў, што Раман Бандарэнка ня быў п’яныПаводле Генпракуратуры, «наўмысна, без службовай неабходнасьці, падазраваны ўступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу, якому паведаміў зьвесткі аб выніках мэдыцынскага агляду Рамана Бандарэнкі».
«Тым самым ён выдаў мэдычную тайну, пры гэтым даў недакладную інфармацыю, — заявілі ў Генпракуратуры. — Дзеяньні названых асобаў пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія праявіліся ў павышэньні напружанасьці ў грамадзтве, стварэньні атмасфэры недаверу да кампэтэнтных дзяржаўных органаў, падахвочваньні грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеяньняў».
Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч, якая была аўтарам артыкулу, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю, пакінулі ў СІЗА КДБ да прад’яўленьня абвінавачаньня. Кацярына праходзіць падазраванай паводле той жа ч. 3 арт. 178 КК. Яе затрымалі 19 лістапада. Крымінальную справу пачала Генпракуратура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч пакінулі пад вартай у СІЗА КДБ да выстаўленьня абвінавачаньня«Што шукалі, я не зразумела, бо шукалі ўсюды»
Жонка лекара Натальля расказала Свабодзе, што 19 лістапада ў іх доме пяцёра супрацоўнікаў і панятых правялі ператрус, забралі кампутар і ейны тэлефон.
Натальля сказала, што калі вярталася з працы, муж не адказваў на тэлефанаваньні.
«Раней мы сустракаліся ў электрычцы, ён ехаў зь Менску, а я з Рудзенску. Калі не, то ён званіў, дамаўляліся, хто будзе забіраць дзяцей. Калі ён не адказаў па тэлефоне, я зразумела, што нешта адбылося, і паехала дахаты. Калі я падышла да дому, мне адразу патэлефанавалі, сказалі, што муж побач, яго затрымалі. Потым далі трубку мужу, ён пасьпеў сказаць „Не перажывай, можа, сёньня адпусьцяць“. У гэты час у дзьверы пастукалі, дзіця пабегла адчыняць, а я сказала яму: „Пачакай“», — кажа Натальля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Бандарэнкі перадала журналістам копію лябараторнага аналізу крыві сына. ФОТАКалі забіралі тэлефон у Натальлі, яна адразу яго разблякавала і прасіла, каб яго ёй пакінулі, бо дзіця яшчэ не вярнулася са школы.
«Сказалі, каб нехта забраў дзіця са школы, я папрасіла сьвякроў. Але бяз сувязі мне было б складана, бо жыву за 20 кілямэтраў ад працы, дзеці ходзяць у школу. Але тэлефон у мяне забралі і дагэтуль не аддалі, — кажа Натальля. — Давялося купіць новы, дапамаглі сябры і калегі, бо на той момант грошай не было: картка засталася ў мужа».
Натальля сказала, што пасьля ператрусу забралі таксама 50 даляраў, якія знайшлі ў доме.
«Мы адкрытыя людзі. Што шукалі, я не зразумела, бо шукалі ўсюды. Забралі невялікую суму грошай, 50 даляраў, больш валюты не было. Мы іх вырашылі не мяняць, гэта былі грошы з дня нараджэньня дзіцяці», — кажа Натальля.
Натальля дзякуе за падтрымку і салідарнасьць калегам, аднакурсьнікам і знаёмым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта па-за межамі разуменьня і лёгікі». З РНПЦ «Маці і дзіця» звальняюць вядомага лекара і грамадзкага дзеяча Андрэя ВітушкуШто вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».