У нядзелю 22 лістапада ў Беларусі заклікалі да традыцыйнай акцыі пратэсту супраць сфальшаваных выбараў 9 жніўня і гвалту.
Як толькі людзі пачалі зьбірацца ў сваіх мікрараёнах у калёны, сілавікі пачалі затрымліваць дэманстрантаў і выкарыстоўваць спэцсродкі супраць іх.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў больш за 370 прозьвішчаў затрыманых у гэты дзень на акцыі ў Менску, а таксама ў іншых гарадах Беларусі на рэгіянальных акцыях. Сьпіс гэты абнаўляецца і дапаўняецца.
Менская міліцыя пацьвердзіла затрыманьне больш як 200 чалавек у Менску.
Вядома, што на Каменнай Горцы сярод іншых затрымалі доктара-рэаніматоляга Зьмітра Салошкіна зь непаўналетнім сынам Якубам. У Заслаўі затрымалі 83-гадовага мужчыну Максіма Радзіна. А 13:30 стала вядома, што затрыманага доктара Зьмітра Салошкіна з сынам выпусьцілі, склаўшы на яго пратакол. У Берасьці затрымалі 63-гадовую Алену Гнаўк разам з сынам.
Як паведаміў тэлеграм-канал «Водители 97», адзін з затрыманых Ягор Камісараў накіраваны ў менскі шпіталь хуткай дапамогі ў непрытомным стане з раёна Нацыянальнай бібліятэкі.
Затрыманы таксама саліст гурта «Петля Пристрастия» Ільля Чарапко-Самахвалаў. Гэта пацьвердзіла ягоная жонка.
Сярод затрыманых у Менску — Дзяніс Урбановіч, старшыня «Маладога фронту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на маршах пратэсту затрымалі музыкаў гуртоў «Петля Пристрастия» і «Аддис-Абеба»Затрыманьні адбываліся ў асноўным у Менску, а таксама ў Наваполацку і Заслаўі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі ў Менску выкарысталі спэцсродкі супраць дэманстрантаў. ВІДЭА