Саміт G20 абмяркоўвае, як пераадолець наступствы COVID-19

Агенцтва Reuters распаўсюдзіла гэты фотамантаж пад назвай «Сямейная фатаграфія» — да адкрыцьця віртуальнага саміту «Вялікай дваццаткі».

Кіраўнікі 20 дзяржаваў з найбольш разьвітымі або разьвіванымі эканомікамі праводзяць у суботу і нядзелю віртуальны саміт пад старшынствам Саудаўскай Арабіі.

На парадку дня саміту «Вялікай дваццаткі» — барацьба з пандэміяй COVID-19 і выкліканай ёю глябальнай рэцэсіяй. Абмяркоўваюцца захады стымуляваньня эканамічнага росту пасьля чаканага аднаўленьня кантролю над распаўсюджваньнем каранавірусу.

ЭЗ мае намер у нядзелю прапанаваць сябрам «Вялікай дваццаткі» падпісаць міжнародную дамову аб сумесных дзеяньнях у выпадках пандэмій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйны прырост хворых на COVID-19 у Беларусі ўпершыню перавысіў 1,5 тысячы

Аднаўленьне сусьветнай эканомікі ідзе нераўнамерна, і пандэмія, хутчэй за ўсё, нанясе моцныя страты многім краінам, заяўляюць у Міжнародным валютным фондзе. Па словах генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша, найбяднейшыя краіны зь вялікімі пазыкамі «знаходзяцца на мяжы фінансавага краху, галечы, голаду і пакутаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дабрачынныя арганізацыі заклікалі спыніць выплаты пазык бедных краінаў

Для вырашэньня гэтай праблемы члены G20, як чакаецца, ухваляць мараторый на абслугоўваньне доўгу для разьвіваных краінаў на шэсьць месяцаў да сярэдзіны 2021 году з магчымасьцю далейшага падаўжэньня, гаворыцца ў праекце камюніке G20, тэкст якога мае агенцтва Reuters.