22 лістапада 2019 году ў Вільні прайшло ўрачыстае перапахаваньне Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 удзельнікаў паўстаньня 1863–64 гадоў.
На перапахаваньні былі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Прысутнічалі дэлегацыі Латвіі і Ўкраіны. Афіцыйнай беларускай дэлегацыяй кіраваў намесьнік прэмʼер-міністра Ігар Петрышэнка.
Каталіцкі касьцёл Беларусі прадстаўляў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Дэлегацыю ад Рады БНР узначаліла Івонка Сурвіла.
Шэсьце ад сабору-базылікі сьвятога Казіміра і сьвятога Ўладзіслава да могілак Росы расьцягнулася больш як на кілямэтар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Вільні пахавалі паўстанцаў Каліноўскага. Толькі фотаСвабода вяла жывую трансьляцыю.
Як знайшлі парэшткі Каліноўскага і ягоных паўстанцаў
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахавалі парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.