Затрыманы лекар менскага шпіталя хуткай дапамогі, якога Генэральная пракуратура падазрае ў разгалошваньні мэдычнай таямніцы, як мяркуецца, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Пра гэта Tut.by паведаміла ягоная жонка Натальля.
«Сёньня раніцай я пайшла туды наўздагад — і ў мяне прынялі перадачу. Там жа сустрэла мужчыну, які ўчора прысутнічаў у нас дома падчас ператрусу».
Муж Натальлі С. працуе анэстэзіёлягам-рэаніматолягам у бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску. Ён лекар вышэйшай катэгорыі, у сьнежні яму споўніцца 37 гадоў.
Натальля таксама лекар. З мужам яны гадуюць траіх дзяцей: старэйшыя ходзяць у школу, малодшы — у дзіцячы сад. Сям'я жыве ў Пухавіцкім раёне.
«Учора пасьля працы мы не сустрэліся, як звычайна, і я стала тэлефанаваць яму. Муж не адказваў, таму я адразу падумала, што нешта здарылася, хоць спадзявалася, можа, ён проста заснуў па дарозе і ня чуе званкоў. Даехала да Марʼінай Горкі — зноў тэлефанавала. Забрала дзяцей са школы і саду, заляцела дадому, спадзявалася, можа, ён там. Хоць унутры разумела, што нешта здарылася: мы шмат гадоў разам, раней такога ніколі не бывала».
Паводле Натальлі, як толькі разам зь дзецьмі яна зайшла ў дом, ёй патэлефанавалі. Суразмоўца прадставіўся супрацоўнікам Генэральнай пракуратуры і сказаў, што яе мужа затрымалі. Гэта было прыкладна ў 17.30.
«Пасьля гэтага слухаўку далі мужу. Літаральна ў гэты ж момант у дом пастукалі. Дзіця пабегла адчыняць, я яму стала казаць: «Пачакай мяне». Змагла толькі спытаць у мужа, ці ўсё зь ім добра. Ён адказаў, што так. Яшчэ пасьпеў неяк падбадзёрыць: «Не хвалюйся, можа, сёньня адпусьцяць».
Ператрус у доме лекараў доўжыўся каля дзьвюх гадзін. Забралі тэхніку, у тым ліку мабільны тэлефон Натальлі.
Увесь вечар і ноч з 19-га на 20-га лістапада Натальля ня ведала, дзе яе муж. Раніцай знайшла яго ў СІЗА КДБ.
Каб даведацца хоць нешта, яна наўздагад пайшла зь перадачай у СІЗА КДБ. Падумала: калі возьмуць, значыць, ён там. Перадачу прынялі.
На гэты момант у СІЗА КДБ таксама знаходзіцца журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч, якая рыхтавала матэрыялы пра памерлага жыхара «плошчы Пераменаў» Рамана Бандарэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ заклікала ўлады замест перасьледу за распаўсюд інфармацыі засяродзіцца на пошуку забойцаў Бандарэнкі19 лістапада Генэральная пракуратура паведаміла аб завядзеньні крымінальнай справы аб «выдаваньні лячэбнай тайны» і «прадстаўленьні недакладнай інфармацыі» па факце гібелі Рамана Бандарэнкі. Гаворка, верагодна, пра вынік аналізу крыві на этанол і наркатычныя рэчывы, у якім пазначана, што ніякіх рэчываў выяўлена не было. Хоць СК заяўляў, што пры шпіталізацыі ў Рамана Бандарэнкі была дыягнаставана «алькагольная інтаксыкацыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, якая рыхтавала публікацыю пра Рамана Бандарэнку, забралі ў КДБУ пракуратуры лічаць, што дзеяньні названых асоб пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія выявіліся ў павышэньні напружанасьці ў грамадзтве, стварэньні атмасфэры недаверу да кампэтэнтных дзяржаўных органаў, падахвочваньні грамадзян да агрэсіі і проціпраўных дзеяньняў.
Крымінальная справа па факце забойства Рамана Бандарэнкі не заведзеная.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».