БАЖ патрабуе неадкладна вызваліць Кацярыну Барысевіч, якую трымаюць у СІЗА КДБ у справе аб разгалошваньні дыягназу Рамана Бандарэнкі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заявай салідарнасьці з калегай.
19 лістапада Генэральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу паводле прыкметаў злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 178 Крымінальнага кодэксу («Разгалошваньне мэдычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, якая рыхтавала публікацыю пра Рамана Бандарэнку, забралі ў КДБСправа тычыцца гісторыі пабітага невядомымі ў Менску Рамана Бандарэнкі, які пазьней памёр у лякарні хуткай дапамогі ад траўмаў. У межах гэтай справы затрыманы мэдык, а таксама журналістка інтэрнэт-парталу TUT.BY Кацярына Барысевіч, якая рыхтавала матэрыялы пра сьмерць Рамана Бандарэнкі.
У чацьвер у кватэры журналісткі прайшоў ператрус, а сама Кацярына зьмешчана ў СІЗА КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу за раскрыцьцё вынікаў мэдычнага агляду Рамана БандарэнкіНа гэты момант невядома, ці заведзеная крымінальная справа па самім факце нанясеньня Раману Бандарэнку цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія прывялі да яго сьмерці.
«Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць, што замест пошуку сапраўдных вінаватых у забойстве сьледчыя займаюцца перасьледам тых, хто спрабуе знайсьці праўду пра акалічнасьці сьмерці Рамана Бандарэнкі. Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе ад уладаў Беларусі і, у першую чаргу, ад Пракуратуры Рэспублікі Беларусі, якая расьсьледуе справу:
- неадкладна вызваліць Кацярыну Барысевіч (адну з найлепшых і прафэсійных судовых журналістак Беларусі), а таксама мэдычнага работніка, які перадаў у мэдыя грамадзка значную інфармацыю і не парушыў пры гэтым правоў родных забітага;
- замест перасьледу за распаўсюд інфармацыі засяродзіцца на пошуку забойцаў».
-
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».