Двойчы пабітага сілавікамі менскага архітэктара пакаралі трыма з паловай гадамі калёніі за «супраціў салдату ўнутраных войскаў»

«Марш герояў», акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў 13 верасьня 2020 году

Суд Цэнтральнага раёну Менску вынес вырак у крымінальнай справе 34-гадовага архітэктара Арцёма Такарчука.

Яго прызналі вінаватым у супраціве 13 верасьня салдату тэрміновай службы паводле часткі 2 артыкулу 363 Крымінальнага кодэксу, паведамляе Праваабарончы цэнтар «​Вясна»​. Прысуд вынесла судзьдзя Юлія Густыр.​

У той дзень у Менску праходзіў «Марш герояў». Калі салдаты атачылі пратэстоўцаў на вуліцы Мельнікайце і затрымліваць іх, у натоўпе пачалася паніка, некаторыя ўцякалі і падалі.

З словаў Арцёма Такарчука, ён хацеў дапамагчы, разьняць людзей, што ўпалі. Але яго жорстка затрымалі, пасьля чаго ў шпіталі яму наклалі швы на галаву. Праз два дні яго зноў затрымалі — ужо ў межах крымінальнай справы. І пасьля гэтага затрыманьня яго завезьлі са Сьледчага камітэту ў шпіталь, дзе дыягнаставалі страсеньне мозгу, закрытую чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія ўдары і гематомы на ўсім целе.

Судзьдзя Юлія Густыр пакарала Арцёма Такарчука 20 лістапада 3 гадамі і 6 месяцамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Менавіта такога пакараньня патрабаваў пракурор Цьвяткоў.

Паводле абвінавачаньня, падсудны архітэктар разам зь іншымі чыніў супраціў і гвалт салдату ўнутраных войскаў Максіму Чарнякову, якому ў натоўпе паставілі падножку, пасьля чаго апошні страціў раўнавагу і ўпаў на асфальтаваную паверхню, стукнуўшыся тулавам і іншымі часткамі цела, пасьля чаго нанесьлі ня менш за пяць удараў рукамі і нагамі па руках, нагах і іншых частках цела.

Відэа гэтага здарэньня ёсьць у інтэрнэце.

Арцёма Такарчука абвінавацілі ў тым, што ён «нанёс ня менш за адзін удар па тулаве пацярпелага, чым прычыніў Чарнякову цялесныя пашкоджаньні: кровападцёкі ў зоне левага локцевага суставу, сінякі левага сьцягна, сінякі левай клубавіцы, якія не пацягнулі кароткачасовага разладу здароўя і страты працаздольнасьці, прычыніўшы фізычны боль».

Прызнаў віну часткова

Арцём Такарчук у судзе віну прызнаў часткова. Ён прызнае, што штурхнуў салдата Чарнякова, але адмаўляе, што дзейнічаў у групе асобаў.

Арцём паведаміў суду, што 13 верасьня каля абеду сустрэўся з айчымам абмеркаваць будучае ягонае вясельле. На скрыжаваньні Нямігі і Раманаўскай Слабады мужчыны павярнулі ўверх, у бок станцыі мэтро «Фрунзэнская», каб унікнуць натоўпу, бо там было шумна. Пасьля таго як хлопец пачуў крыкі, ён убачыў дзьве вайсковыя машыны з салдатамі.

У людзей пачалася паніка, яны сталі разьбягацца. З словаў Арцёма, некалькі чалавек упалі справа ад яго. Арцёму, кажа ён, здалося, што тым, хто ўпаў, неабходная дапамога, пасьля чаго ён стаў адцягваць за вопратку таго, хто быў зьверху на адным зь ляжачых.

Арцём Такарчук растлумачыў суду, што хацеў дапамагчы і разьняць упалых людзей. Чалавека, які ляжаў зьнізу, Арцём ня бачыў, але чуў яго крыкі і стогны. Зьверху быў чалавек у бронекамізэльцы і з амуніцыяй. Ніякай іншай думкі, акрамя як аб дапамозе, кажа Арцём, яму ў галаву не прыходзіла. На судзе ён растлумачыў, што адцягнуў чалавека ў форме, штурхнуўшы таго ў зоне бронекамізэлькі, бо адчуваў, што фізычна ня можа схапіць яго за амуніцыю.

У шпіталі наклалі швы на галаву

Арцём Такарчук расказаў, што адбывалася зь імі далей: у яго заняло дых, бо з 10 гадоў ён хварэе на астму. Тут жа атрымаў удар па галаве, «адчуў расьсечыну на галаве, кроў на гэтым месцы, памутненьне, шок, стрэс, дыхавіцу, ногі сталі „ватнымі“». Пасьля страты прытомнасьці хлопец ачуўся ўжо ў аўтазаку. 13 верасьня Арцёма завезьлі ў лякарню, дзе яму дыягнаставалі выцятыя раны патыліцы і наклалі швы. Пасьля гэтага яго адпусьцілі.

Пабілі пры паўторным затрыманьні

Паўторна Арцёма Такарчука затрымалі праз два дні — 15 верасьня. На судзе ён расказаў, што ў гэты дзень па дарозе на працу яму патэлефанаваў сьледчы і папрасіў прыехаць у РУУС, каб адказаць на некалькі пытаньняў. Калі Арцём прыехаў, яго адразу затрымалі апэратыўныя супрацоўнікі. Як апавядае мужчына, яму заламалі рукі, закінулі ў мікрааўтобус, селі на яго зьверху і пачалі біць па галаве, руках, нагах. Затым у яго забралі тэлефон і, толькі агледзеўшы яго, спынілі зьбіцьцё. На першым допыце Арцём прасіў забясьпечыць яму мэдычную дапамогу і даць адваката. Аднак сьледчы і апэратыўнікі яму адказалі:

«Падпішаш „з маіх словаў запісана і прачытана дакладна“, будзе табе і адвакат, і мэдычная дапамога».