«Рома, ты герой!» У Менску тысячы людзей разьвіталіся з Раманам Бандарэнкам. ФОТА і ВІДЭА

Як у Менску праводзілі ў апошні шлях Рамана Бандарэнку. Фотарэпартаж (націсьніце на фота, каб паглядзець)

20 лістапада пахавалі забітага ў Менску невядомымі 31-гадовага Рамана Бандарэнку. Разьвітаньне прайшло ў царкве Ўваскрасеньня Хрыстовага на вуліцы Гамарніка на поўначы Менску, недалёка ад Курапатаў.

Людзі пачалі падыходзіць да царквы Ўваскрасеньня Хрыстовага 20 лістапада за гадзіну да разьвітаньня, прызначанага на 11-ю ранку. Прыходзілі з кветкамі і вянкамі.

Бліжэй да поўдня каля царквы былі ўжо тысячы людзей. У памяць аб забітым людзі ўздымалі ўгару кветкі, гукалі: «Жыве Беларусь!», «Рома, ты герой!», «Не забудзем, не даруем!».

Людзі запоўнілі ўсю прастору каля царквы, а таксама вуліцы ўздоўж яе. На вуліцы Гамарніка ўтварыліся заторы з аўтамабіляў людзей, якія ехалі разьвітацца з Раманам. Многія суправаджалі разьвітаньне сыгналамі машын.

Апоўдні цела Рамана Бандарэнкі вынесьлі з храму. За машынай зь целам забітага частка людзей рушыла пешшу ў бок Паўночных могілак. Затрыманьняў, як і сілавікоў вакол, не было заўважана.

Рамана Бандарэнку пахавалі на Паўночных могілках Менску.

31-гадовага Рамана Бандарэнку 11 лістапада захапілі ў двары ягонага дому ў Менску, адвезьлі ў Цэнтральнае РУУС, прасьля чаго шпіталізавалі з чэрапна-мазгавой траўмай, апэравалі. 12 лістапада ён памёр.

Свабода вяла жывы рэпартаж з разьвітаньня.

12.15. Людзі разыходзяцца ад царквы. Разьвітацца з Раманам прыйшлі тысячы чалавек.

12.07. Пад воклічы «Жыве Беларусь!» машына зь целам Рамана ад’ехала ад царквы.

12.02. Цела занесьлі ў машыну, людзі паднялі рукі са знакам вікторыі, гукаюць «Не забудзем, не даруем!»

12.00. Пад званы цела Рамана Бандарэнкі вынесьлі з храму. Людзі гукаюць «Я выходжу!»

Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!», машыны сыгналяць. Людзі ня могуць падысьці бліжэй да царквы і перадаюць кветкі.

11.50. Людзьмі запоўненая ўся прастора вакол царквы. Яны расступіліся і зрабілі калідор, каб труну з Раманам маглі пранесьці ў катафалк.

Людзі паднялі ўверх кветкі і некалькі разоў гукнулі «Жыве Беларусь!», «Я выходжу», «Рома, ты герой!»

У Менску разьвітваюцца з Раманам Бандарэнкам

Людзі таксама гукаюць «Не забудзем, не даруем!». Некаторыя чытаюць малітву «Ойча наш».

У Менску разьвітваюцца з Раманам Бандарэнкам

11.40. Аднакурсьнікі Рамана паведамілі, што пахаваньне пройдзе на Паўночных могілках.

11.38. Людзі ўсе яшчэ ідуць вуліцамі да царквы, сабраліся ўжо каля 5 тысяч чалавек. У суседняй краме вялікая чарга па кветкі.

11.35. Хвіліна маўчаньня па Раману Бандарэнку.

11.30. Храм, у якім разьвітаюцца з Раманам Бандарэнкам, малы, ён яшчэ рамантуецца, знаходзіцца на ўскрайку Менску. Месцаў для паркаваньня тут ужо бракуе.

Вянок ад «плошчы Пераменаў»

11.25. Людзі ўсё падыходзяць, іх ужо некалькі тысяч, многія плачуць, некаторыя паказваюць знак вікторыі. На вянках напсіана: «Не забудзем, не даруем», «Я выходжу», «Ты ў нашых сэрцах».

Людзі прынесьлі вянкі ад дваровых супольнасьцяў Менску, у тым ліку «плошчы Пераменаў», на якой жыў Раман.

У Менску разьвітваюцца з Раманам Бандарэнкам.

11.17. Людзей пачалі пускаць у храм, каб разьвітацца з Раманам Бандарэнкам.

У Менску разьвітваюцца з Раманам Бандарэнкам

11.10. Чарга ў царкву расьцянулася на некалькі соцень мэтраў, людзі ідуць вуліцай Гамарніка няспынна, нясуць вянкі і кветкі. Сьвятар перад пачаткам разьвітаньня сказаў, што ня вядае, ці пагодзіцца сям’я, каб такая вялікая колькасьць паехала на могілкі. Сілавікоў не відаць.​

Вянкі Раману Бандарэнку

Разбор справы на сябе ўзяла генэральная пракуратура. Але крымінальнай справы па факце забойства Рамана Бандарэнкі няма.

У Менску разьвітваюцца з Раманам Бандарэнкам. 20 лістапада

Затое генэральная пракуратура Беларусі ўчора распачала крымінальную справу супраць мэдыка, які перадаў Tut.by інфармацыю аб стане Рамана Бандарэнкі. Артыкул — раскрыцьцё лекарскай таямніцы.

Пракуратура палічыла, што доктар лякарні хуткай мэдычнай дапамогі, «дзейнічаючы наўмысна, без службовай неабходнасьці, уступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу (tut.by), якому паведаміў зьвесткі аб выніках мэдычнага агляду Рамана Бандарэнкі. Тым самым ён выдаў мэдычную таямніцу».

У Менску разьвітваюцца з Раманам Бандарэнкам. Сьвятар Аляксандар Кухта

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка

  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».