Віцэ-прэзыдэнт IIHF назваў абсурднай ідэю магчымага пераносу чэмпіянату сьвету ў хакеі зь Беларусі ў Расею

Талісман чэмпіянату сьвету — 2021

У інтэрвію MTV Sport Калерва Кумала сказаў, што перанос матчаў турніру 2021 году ў Маскву малаімаверны​ з прычыны сытуацыі з каранавірусам у Расеі.

Акрамя таго, ён падкрэсьліў, што Расея — практычна адзіная краіна, якая падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, пасьля абвяшчэньня перамогі якога на выбарах пратэсты пачаліся па ўсёй краіне і працягваюцца ўжо чацьвёрты месяц.

Раней паведамлялі, што IIHF можа перанесьці гульні чэмпіянату сьвету зь Беларусі ў Маскву і што прэзыдэнт IIHF Рэнэ Фазэль адправіўся ў Расею, каб абмеркаваць пытаньне з кіраўніком Фэдэрацыі хакею Расеі Ўладзіславам Трацьцяком.

Кумала сказаў, што, паводле яго інфармацыі, Трацьцяк цяпер у Цюрыху, і Фазэль яшчэ не адбыў у Расею для сустрэчы зь ім.

«Было б абсурдна, калі б Расея ўзяла на сябе гульні ў Беларусі», — сказаў Кумала для MTV Sport.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэмпіянат сьвету ў хакеі — 2021 могуць перанесьці зь Менску ў Маскву? Віцэ-прэзыдэнт IIHF: «Гэта было б абсурдам»