У Расеі і Ўкраіне — новыя дзённыя антырэкорды захворваньняў на COVID-19. Паводле дадзеных на раніцу 19 лістапада, за апошнія 24 гадзіны ў Расеі выявілі 23 610 новых выпадкаў каранавірусу, паведаміў апэрацыйны штаб па барацьбе з захворваньнем. Гэта новы рэкорд. Днём раней паведамлялася пра 20 985 хворых.
За суткі памерлі 463 пацыенты — максымум ад пачатку пандэміі. Напярэдадні ад ускладненьняў, зьвязаных з каранавірусом, памерлі 456 хворых.
У Маскве па-ранейшаму назіраюцца найбольш высокія паказьнікі: 6438 новых выпадкаў каранавірусу і 73 сьмерці. Агульная колькасьць тых, хто захварэў у Расеі з пачатку пандэміі перавысіла 2 мільёны чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За дзень у Беларусі зафіксавалі 1309 новых выпадкаў COVID-19Ва Ўкраіне таксама чарговы антырэкорд: выяўлена 13 357 новых выпадкаў захворваньня на каранавірусную інфэкцыю, выздаравелі — 7 400 чалавек, памерлі 257 пацыентаў, паведаміў міністар аховы здароўя краіны Максім Сьцяпанаў.
«У прыватнасьці, захварэлі 539 дзяцей і 673 мэдработнікі. Таксама за мінулыя суткі шпіталізаваны 1531 чалавек», — напісаў Сьцяпанаў ў фэйсбуку.
За дзень да гэтага, 18 лістапада, у краіне было зафіксавана 12 496 новых выпадкаў інфікаваньня каранавірусам.
Усяго ў краіне 583 510 тых, хто заразіўся. Ад ускладненьняў, зьвязаных з каранавірусам, памерлі 10 369 чалавек.
Самая вялікая колькасьць тых, хто захварэў, мэдыкі зафіксавалі ў Кіеве (1348), Днепрапятроўскай (1128), Кіеўскай (786), Запароскай (748) і Чаркаскай (726) абласьцях.