Амэрыканскі музычны электронны часапіс Pitchfork зьвярнуў увагу на беларускі гурт «Молчат дома». Гэты менскі гурт спалучае ў сваёй творчасьці пост-панк, сынты-поп і «новую хвалю».
Pitchfork адгукнуўся на новы альбом гурту — Monument, які зьявіўся тыдзень таму. Папярэдні альбом гурту — «Этажи» — у 2018 годзе ўвайшоў у дваццатку найлепшых альбомаў паводле вэрсіі брытанскіх крытыкаў з парталу post-punk.com.
У лістападзе 2019 году кампанія Hugo Boss выпусьціла рэклямны ролік у гонар выхаду новай калекцыі Pre-Spring 2020, і саўндтрэкам прома-роліку стала песьня гурту «Молчат дома» «На дне». У тым самым годзе гурт выступіў на бэрлінскім фэстывалі Pop-Kultur 2019 і на эўрапейскім музычным фэстывалі Tallinn Music Week.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася міжнародная музычная складанка ў падтрымку ахвяраў гвалту ў БеларусіГурт сьпявае па-расейску, і, мабыць, таму крытык парталу Pitchfork разглядае яго як расейскую зьяву, называе вакаліста гурту Ягора Шкутко «расейскім Енам Кертысам» (саліст гурту Joy Division), параўноўвае гурт зь «іншымі» расейскімі камандамі.
Падчас акцый пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году гурт «Молчат дома» падтрымаў пратэставы рух на сваім пабліку ў ВК.
Гурт таксама ўзяў удзел у складанцы, каб падтрымаць беларусаў, якія пацярпелі падчас разгонаў мірных мітынгаў пратэсту. Музычная кампіляцыя пад назвай «For Belarus», ініцыятаркай якой выступіла сьпявачка Галя Чыкіс, апублікаваная на Bandcamp.