У мікрараёне Новая Баравая трое сутак не было ні халоднай, ні гарачай вады. Афіцыйна — была зламаная засаўка. Мы спыталі ў спэцыялістаў, наколькі сур’ёзная гэтая аварыя і колькі часу трэба на рамонт.
Наш чытач Сяргей працуе майстрам-рамонтнікам у ЖЭСе ў Менску. Ён выяжджае на аварыі накшталт той, якая здаралася на водаправодзе ў Новай Баравой. Майстар кажа, што так доўга ў прынцыпе ня могуць чыніць адну засаўку.
«Пакідаць без аніякай вады цэлы мікрараён на некалькі дзён — за такое павінны звольніць дырэктара ЖЭСа, галоўнага інжынэра і майстра. Мы ня можам нават пад’езд так надоўга пакінуць без вады, гэта нешта надзвычайнае».
Сяргей кажа, што з падобнай аварыяй спраўляюцца звычайна цягам 1,5–2 гадзін. Суткі — гэта самы доўгі час, які можа спатрэбіцца. Гэта калі складаная аварыя, калі да пашкоджанага ўчастку няма доступу або калі трэба закупіць дадатковыя матэрыялы.
Калі паламалася засаўка на сантэхнічнай магістралі, як пра гэта было сказана ў афіцыйным тлумачэньні, рамонтнікі перакрываюць ваду на двух суседніх участках, зьліваюць яе і мяняюць паламаную засаўку на новую.
«Калі аварыя такога маштабу, зь ёй спраўляюцца ўмомант», — сказаў спэцыяліст.
У мікрараёне «Новая Баравая», дзе жыве 10 тысяч чалавек, не было ні халоднай, ні гарачай вады ад раніцы 16 лістапада да раніцы 18 лістапада. Але перабоі з падачай пачаліся яшчэ 15 лістапада. Да таго ж тут на дзень адключалі ацяпленьне.