Выкладчыца БДУ падпісвала звароты супраць гвалту. Ёй не працягнулі кантракт

Марʼяна Грузьдзіловіч

Выкладчыца ангельскай мовы Мар’яна Грузьдзіловіч працавала ў БДУ апошнія 10 гадоў. У сярэдзіне навучальнага году кіраўніцтва вырашыла кантракт зь ёй не працягваць.​

Мар’яна, якая займае пасаду старшага выкладчыка, лічыць, што галоўнай прычынай стала яе актыўная грамадзянская пазыцыя.
«Я сваёй пазыцыі ніколі не хавала, — кажа яна. — Падпісвала ўсе звароты супраць гвалту. Была ў Саюзе жанчын БДУ тры гады. Вельмі шмат там зрабіла як шараговы ўдзельнік. Але 1 верасьня напісала заяву на выхад пасьля ўсіх гэтых падзей. І калі мяне спытала кіраўніцтва, я сказала, што сыходжу па палітычных матывах».


Мар’яне Груздзіловіч 61 год, яна ўжо на пэнсіі. Кажа, што ў сьнежні мелася, як кожныя 5 гадоў, праходзіць конкурс на пасаду. Працоўны кантракт у яе сканчаецца 23 сьнежня. Аднак 13 лістапада яе выклікалі ў аддзел кадраў і паказалі паперу за подпісам рэктарам ад 24 кастрычніка пра тое, што кантракт зь ёй працягнуты ня будзе. Прычыны гэтага патлумачыць у аддзеле кадраў адмовіліся, кажа Мар’яна.

Мар’яна Грузьдзіловіч — жонка шматгадовага карэспандэнта Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча. 10 лістапада позна ўвечары яго забралі з кватэры ў Фрунзэнскі РУУС, завезьлі на Акрэсьціна. 12 лістапада Грузьдзіловічу прысудзілі 15 сутак арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Груздзіловіч на судзе сьцьвярджаў, што працаваў на акцыі як журналіст выданьня «Народная Воля», прадставіў суду копію рэдакцыйнага заданьня.