Санкцыі пашыраныя ў адказ на рашэньне Рады Эўразьвязу па Беларусі ад 6 лістапада.
«Беларусь ад сёньняшняга дня люстэркава дапаўняе свой санкцыйны сьпіс у адказ па кожнай з краін ЭЗ і па Канадзе, — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі ад 17 лістапада. — У рамках дыпляматычнай карэктнасьці сьпіс пакуль ня будзе апублікаваны. Ён носіць эквівалентны характар, а таксама дзейнічае ў рамках інтэграцыйных аб’яднаньняў, у якія ўваходзіць Беларусь». МЗС рэкамэндуе эўрапейскім чыноўнікам улічваць гэтую інфармацыю пры плянаваньні паездак.
Паводле МЗС, «аднабаковае агрэсіўнае звужэньне поля для дыялёгу з суседняй Беларусьсю — гістарычная памылка эўрапейскай бюракратыі. На кожны новы дэструктыўны крок будзе адказ зь беларускага боку». МЗС абяцае рэвізію многіх выгадных для Эўразьвязу праектаў.
МЗС Беларусі паведамляе Эўрапейскаму Зьвязу, што ў беларускім грамадзтве пачаўся «дыялёг па пераўтварэньнях і канстытуцыйнай рэформе», і наракае, што ЭЗ гэтага не заўважыў.