Былы пасол Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня пракамэнтаваў скасаваньне Лукашэнкам пэнсіяў для тых, каго ён пазбавіў дыпляматычнага рангу.
«Хтосьці вырашыў даседзець ва ўладзе да маёй пэнсіі, — напісаў Ляшчэня ў сваім Фэйсбуку. — У цяперашняй уладзе — суцэльныя аптымісты. Яны відавочна ўпэўненыя, што менавіта ў сваім цяперашнім — або ў супастаўным — статусе дачакаюцца, калі гадоў праз 10–12 я дасягну пэнсійнага веку і адчую на сваёй скуры ўсю згубнасьць указу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2020 г. № 414».
Пакуль, як піша Ляшчэня, гэты ўказ закране толькі былога пасла ў Латвіі Марковіча.
«Улада традыцыйна дробязная, помсьлівая, баязьлівая... па-свойму вельмі ўважлівая і... занадта аптымістычная наконт сваёй будучыні». — напісаў Ігар Ляшчэня.
Аляксандар Лукашэнка сваім указам адмовіў у штомесячным грашовым утрыманьні асобам, пазбаўленым дыпляматычнага рангу. Адпаведны ўказ № 414 ад 16 лістапада апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набудзе моц 18 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка скасаваў пэнсіі для тых, каго ён пазбавіў дыпляматычнага рангуПасьля прэзыдэнцкіх выбараў і ў пэрыяд масавых пратэстаў у краіне Лукашэнка пазбавіў дыпляматычнага рангу шэраг чыноўнікаў і дыпляматаў, якія выказалі нязгоду з палітыкай уладаў. Сярод іх Павал Латушка, Ігар Ляшчэня, Васіль Марковіч, Уладзімер Астапенка, Павал Пуставы.