Жыхары Новай Баравой выказваюць погляд, што водазабесьпячэньне ў раёне пашкоджана наўмысна — гэта помста за актыўную грамадзянскую пазыцыю. Але яны вельмі ўражаныя салідарнасьцю і дапамогай незнаёмых людзей, якія ўсе тры дні безь перапынку падвозяць ваду.
Свабода паслухала, пра што кажуць у чэргах па ваду.
Трэці дзень у Новай Баравой няма вады. У панядзелак тут разбурылі мэмарыял Рамана Бандарэнкі, у аўторак зьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі і зрэзалі стужкі. Рабілі гэта камунальнікі пад прыкрыцьцём байцоў АМАПу і ў прысутнасьці старшыні Бараўлянскага сельскага выканаўчага савету Жанны Варабей. Новую Баравую дзень і ноч патрулююць шматлікія нарады, у якіх не шарагоўцы, а капітаны, маёры і нават падпалкоўнікі міліцыі. У аўторак зьявіліся рамонтнікі «Менскводаканалу».
Мясцовыя жыхары стаяць у чэргах па ваду да аўтацыстэрнаў і кранаў, якія вывелі ў бліжэйшых ад Уручча дамоў, дзе вада ёсьць. Шмат вады пастаянна падвозяць. Размовы ў чарзе вельмі эмацыйныя.
«Тут Лукашэнка атрымаў 5%, Ціханоўская — амаль 90%. Напэўна, у кагосьці сьвярбіць»
«Няма ў мяне добрых словаў! Трэці дзень ходзім з бутлямі, вёдрамі, фляжкамі. Сёньня была інфармацыя, што аварыя на кацельнай, альбо наўмысна спынілі падачу цяпла. Засталося сьвятло адключыць — і зажывем, як у каменным веку. Тут Лукашэнка атрымаў 5% — у адрозьненьне ад Ціханоўскай, у якой 90%. Напэўна, у кагосьці сьвярбіць», — кажа праграміст Аляксей.
Да размовы далучаецца 10-гадовая дачка Аляксея:
«Мама казала, што ў нас у раёне вельмі шмат бел-чырвона-белых сьцягоў, і за гэта нам помсьцяць».
Жанчына сталага веку абураецца тым больш, што ў Новай Баравой шмат малых дзетак.
«Што тут можна думаць? Вось побач школа, дзе вучыцца 1800 дзяцей. Сёньня за тры хвіліны да пачатку заняткаў сказалі, што ўрокаў ня будзе, няма вады. Учора ваду для патрэбаў школы прывозілі на вадавозе. Дзіцячыя садкі сёньня не працуюць. Тут шмат сем’яў з малымі дзецьмі, ёсьць інваліды. Ні дзяцей, ні старых не бяруць пад увагу. Не хапае цэнзурных словаў, каб расказаць, што мы думаем».
«Я не паверу, што адзін вэнтыль можа перакрыць два падводы»
Малады чалавек вяртаецца ад машыны «Менскводаканалу», якая стаяла каля люка. Спрабаваў высьветліць, што яны робяць і калі зьявіцца вада. На другое пытаньне адказу не атрымаў.
«Прыехала машына зь „Менскводаканалу“. Рамонтнікі робяць выгляд, што актыўна змагаюцца за наша водазабесьпячэньне, езьдзяць і ў кожным люку адкрываюць засаўкі. Тут атрымліваюцца два „кальцы“: адно на недабудаванай вуліцы Авіяцыйнай каля МНС, і другое — там, дзе „Аддзел продажаў“ на вуліцы Леанарда да Вінчы. Былі перакрытыя абодва кальцы, я перакананы, што наўмысна. Бо я ня паверу, што адзін вэнтыль можа перакрыць два падводы, ваду ў абодвух кольцах.
Усё зразумела, што ніхто з гэтым разьбірацца ня будзе. Усе ж разумеюць, на чый загад гэта было зроблена і дзеля чыёй прыхамаці нам адключылі ваду», — кажа малады чалавек.
Яшчэ адзін хлопец, які ня хоча называць свайго імя, таксама перакананы, што гэта ня проста аварыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інжынэр: «Паломка ў Новай Баравой не патрабуе працяглага рамонту». Але яе выпраўляюць ужо трэці дзень
«Народ думае, што гэта ўсё наўмысна зроблена ўладамі. І што ёсьць негалосны загад: пакуль мы ўсю бел-чырвона-белую сымболіку не прыбяром, ваду нам не дадуць. Гэта, мяркую, не пацьверджаная інфармацыя, але вельмі праўдападобная. У мяне асабіста перакананасьць на 80%.
У некаторых дамах з ацяпленьнем праблемы, трубы халодныя. Ня ведаю, ці ёсьць тут узаемасувязь, ці не. Але самае непрыемнае — ходзяць чуткі, што нам яшчэ і электраэнэргію адключаць», — кажа хлопец.
«Вады няма трэці дзень, ніхто нічога ня робіць. Я ўпэўнены, што гэта зроблена наўмысна, бо зламаныя дзьве засаўкі ў розных месцах. То бок людзі ведалі, што ламаць, дзе ламаць, каб было складана наладзіць. Па вадзе я цалкам перакананы, што гэта наўмысныя пашкоджаньні. Фатаграфіі, якія былі ў інтэрнэце, сьведчаць, што пашкоджаныя „балтавыя злучэньні“, якія не дазволяць хутка зрабіць рамонт. „Граматна“ ўсё пашкоджана. І гэта помста актыўным жыхарам Новай Баравой.
Да таго ж у адной кацельнай ну проста сынхронна з праблемамі з вадой сапсавалася абсталяваньне, другая нібыта яшчэ працуе», — кажа яшчэ адзін жыхар Новай Баравой.
«Учора слова „генацыд“ круцілася ў галаве. Сёньня ўзьнёслы настрой — столькі вакол неабыякавых людзей»
Маладая жанчына з двума малымі дзецьмі кажа, што гэтая сытуацыя з адсутнасьцю вады паказала, якія чулыя, добрыя людзі вакол.
«Мне ня хочацца гаварыць пра сумнае. Вельмі прыемна, што неабыякавыя людзі прапануюць дапамогу, прывозяць ваду. Мы не чакалі такой салідарнасьці — што вада так зьяднае людзей. Летам мы цэлымі багажнікамі вазілі ваду ў Каменную Горку. Цяпер нам гэта ўсё вяртаецца. Гэта кранальна да сьлёз. Учора ў мяне быў іншы стан — прыгнечанасьць, нават прыніжэньне адчувала, што нас ня лічаць за людзей. Нават слова „генацыд“ закруцілася ў галаве.
Сёньня раніцай прачнулася і прачытала сотні прапаноў дапамогі ў чатах. У мяне праўда ўзьнёслы настрой — столькі вакол неабыякавых людзей!», — не хавае радасьці маладая жанчына.
Яшчэ адзін малады чалавек таксама зьвяртае ўвагу на салідарнасьць і дапамогу неабыякавых людзей.
«Наўмысна адключылі ваду — асабіста я ў гэтым не сумняюся. Але ўлады не чакалі, што нас проста зальюць вадой — паглядзіце, колькі валянтэраў падвозяць ваду!
У Новай Баравой неверагодная атмасфэра: тут сапраўдная грамадзкая супольнасьць, якая дапамагае адзін аднаму, ладзіць сумесныя імпрэзы. Кагосьці гэта вельмі раздражняе: хочуць, каб мы сядзелі па сваіх норах і не высоўваліся. Учора разбурылі наш мэмарыял забітага сілавікамі Рамана Бандарэнкі. Сёньня зьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі і стужкі. Але заўтра-пазаўтра, нягледзячы на такую колькасьць міліцыі, яны вернуцца», — перакананы малады чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не схлусіў — пратэстуеш». Севярынец пра дабро як форму пратэсту