Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову арыштавалі за ўдзел у акцыі, а яны былі ў кватэры на 14 паверсе

Журналістка Кацярына Андрэева

Судзьдзя Вольга Няборская пакарала журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову 7 днямі арышту нібыта за ўдзел у акцыі пратэсту каля «плошчы Перамен» 15 лістапада. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Белсат».

Паводле пратаколу, Кацярыну Андрэеву нібыта затрымалі на вуліцы і яна прымала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, хоць насамрэч яна з 12.00 да 17.30 знаходзілася ў кватэры на Смаргоўскім тракце на 14 паверсе, што пацьвердзіў на судзе сьведка — гаспадар кватэры Дзьмітры.

У гэты час унізе сілавікі хапалі людзей і бурылі мэмарыял забітага Рамана Бандарэнкі.

Кацярыне не далі азнаёміцца з пратаколам, яна яго ўпершыню пабачыла на судзе. Вінаватай сябе не прызнала і абвінаваціла міліцыянтаў, якія складалі пратакол, у ілжэсьведчаньні.

Як расказала журналістка на судзе, яе затрымлівалі ў кватэры, дзьверы выламалі, забеглі каля 10 спэцназаўцаў. Яны не тлумачылі нічога, проста сказалі, каб зьбіраліся і ішлі зь імі. Гвалту падчас затрыманьня не было.

У РУУС Кацярыне стала кепска, яна адчула рэзкі боль у галаве, яе званітавала, яна страціла прытомнасьць. Выклікалі хуткую, даставілі пад канвоем у 9-ю лякарню. Нічога сур’ёзнага не знайшлі, але прапісалі пасьцельны рэжым, поўны спакой і абавязковы візыт да нэўроляга на наступны дзень. Але раніцай 16 лістапада яе забралі ў РУУС, а адтуль даставілі ў ЦІП.

Такі самы вырак пазьней вынесьлі і Дар'і Чульцовай.