Былы прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў прызначаны генэральным дырэктарам холдынгавай кампаніі ТАА «Група Сібуглемет» і старшынёй рады дырэктараў кіруючай кампаніі «Холдынг Сібуглемет», інфармуе РБК.
Кабякоў будзе распрацоўваць стратэгію «Сібуглемета», а таксама зоймецца кантролем якасьці кіраваньня і ключавых патокаў прадпрыемства, паведамілі ў Зьнешнеэканамічным банку (ВЭБ) Расейскай Фэдэрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэм’ер Кабякоў заявіў, што не падпісваўся за вылучэньне Бабарыкі кандыдатам на прэзыдэнта
«Ведаю яго як чалавека вельмі прыстойнага і адказнага чалавека, прафэсіянала сваёй справы. Андрэй Уладзімеравіч зоймецца разьвіцьцём нашага буйнога актыву — „Сібуглемет“. Упэўнены, яго кіраўнічы вопыт і стратэгічнае бачаньне дазволяць вырашыць шэраг назапашаных праблем кампаніі, павялічыць цану гэтага актыву і знайсьці профільнага інвэстара», — прыводзяцца ў паведамленьні словы старшыні ВЭБ Ігара Шувалава.
- 59-гадовы Андрэй Кабякоў у 2010-2011 гадах быў намесьнікам старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, у 2011-2012 гадах паслом Беларусі ў Расеі, у 2012-2014 гадах кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, са сьнежня 2014 да жніўня 2018 году працаваў прэм’ер-міністрам Беларусі.