Са старшай навуковай супрацоўніцай Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Кацярынай Крывічанінай не працягнулі кантракту.
Яе звальняюць у сувязі з завяршэньнем тэрміну кантракту 31 сьнежня 2020 году, гаворыцца ў дакумэнце, які падпісаў намесьнік дырэктара ў навуковай працы Вадзім Лакіза.
Кацярына Крывічаніна займаецца гісторыяй міжнароднага супрацоўніцтва ў мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
«Я спыталася ў Вадзіма Лакізы, зь якой прычыны са мной не працягваюць кантракту? Мне сказалі, што ўсё згодна з заканадаўствам, сышоў яго тэрмін. Пытаюся, а якія да мяне прэтэнзіі як да навукоўца? "Прэтэнзій няма, у нас будзе рэарганізацыя"— адказаў ён».
Кацярына Крывічаніна кажа, што зь мінулага году яна зьяўляецца яшчэ і старшынёй прафсаюзнай арганізацыі інстытуту.
«Ёсьць нормы, якія абавязваюць наймальніка працягваць кантракт на тэрмін паўнамоцтваў старшыні прафсаюзнай арганізацыі. На гэта мне Вадзім Лакіза сказаў, што ўсё, маўляў, згодна з заканадаўствам. Але гэта пытаньне мы яшчэ будзем вывучаць».
Паводле Кацярыны, асноўнай прычынай звальненьня стала яе актыўная грамадзянская пазыцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 польскіх антраполягаў падпісалі ліст салідарнасьці з арыштаваным беларускім калегам Уладзімерам Шыпілам«Усё пачыналася з прафсаюзу яшчэ год таму, бо на кіраўніцтва прафсаюзу прайшлі ня тыя кандыдатуры, якія хацела адміністрацыя, – кажа яна. – Цяпер мы пісалі заявы на імя старшыні ФПБ Орды пра палітычную сытуацыю ў краіне, і мяне адразу пачалі выклікаць да дырэктара, казалі, каб я сыходзіла па ўласным жаданьні. Але мы не спыніліся, выходзілі на акцыі, у нас шасьцёх супрацоўнікаў арыштоўвалі. Алесь Жлутка адбывае «суткі» ў Жодзіне, заўтра паедзем яго сустракаць. Нас пастаянна выклікалі, вялі размовы».
Учора стала вядома, што не працягнулі кантракт з калегам Кацярыны Крывічанінай, кандыдатам навук Аляксеем Шаландам.
«Я думаю, што я не апошняя: Шаланда, я, пойдуць яшчэ іншыя актыўныя ўдзельнікі ўнутрыінстытуцкага пратэставага руху. Тыя, хто выходзіў на акцыі і падпісваў заявы», – сказала Кацярына Крывічаніна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навуковец заявіў, што БЧБ-сцяг — нацыянальны сымбаль беларускага народу. Зь ім не працягваюць кантракт