Без вады застаюцца каля 10 тысяч чалавек, ацяпленьне таксама адключаюць — нібыта з прычыны аварыі.
«Менскводаканал» пачаў прафіляктычныя работы ў менскім мікрараёне Новая Баравая перад запускам адноўленай сыстэмы водазабесьпячэньня, паведаміла агенцтва БелТА са спасылкай на прадстаўнікоў прадпрыемства.
«Аднаўленчыя работы на сетках водазабесьпячэньня выкананыя. У адпаведнасьці з рэглямэнтамі «Менскводаканал» прыступіў да прафіляктычных работ перад запускам сыстэмы водазабесьпячэньня Новай Баравой», — сказалі на прадпрыемстве.
Там дадалі, што ў поўным аб'ёме водазабесьпячэньне адновяць пасьля атрыманьня станоўчых вынікаў лябараторнай праверкі якасьці вады. Канкрэтных тэрмінаў не называюць.
У раёне Новая Баравая з раніцы 15 лістапада няма халоднага і гарачага водазабесьпячэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпрэсіі выйшлі на іншы ўзровень». У Новай Баравой адключылі ваду і ацяпленьне. БХК зьвяртаецца ў ААН«Менскводаканал» лічыць, што праблемы з вадой у Новай Баравой могуць быць ад наўмыснага пашкоджаньня сыстэмы водазабесьпячэньня.
«З мэтай максымальна хуткага выяўленьня прычын аварыі прадпрыемствам праведзена абсьледаваньне сетак. Выяўлены няспраўнасьці запорнай арматуры, у тым ліку разглядаецца варыянт наўмыснага пашкоджаньня», — гаварылася ў паведамленьні «Менскводаканалу» ў панядзелак.
Для жыхароў мікрараёну валянтэры арганізавалі падвоз пітной вады.
Паводле карэспандэнта Свабоды, цэнтралізаванай вады ў Новай Баравой па-ранейшаму няма, людзі стаяць у чарзе ля цыстэрнаў.
Спэцыялісты «Менскводаканалу» кажуць, што прычыну дагэтуль не знайшлі, цяпер прамываюць сыстэму.
У Новую Баравую вярнулі ацяпленьне
Кампанія «А-100 Камфорт», якая абслугоўвае раён, паведаміла пра вяртаньне ацяпленьня. Аб вяртаньні вады, піша кампанія, «вядуцца перамовы з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў».
Лукашэнка тым часам даручыў кантраляваць сытуацыю з вадой былому начальніку менскай міліцыі Барсукову і старшыні Савету Рэспублікі Качанавай.
БХК: «Гэта парушэньне фундамэнтальнага права чалавека»
Жыхары мікрараёну выказваюць здагадкі, што адключэньне вады і ацяпленьня — вынік іхняй палітычнай актыўнасьці.
У сувязі з гэтым Беларускі Хэльсынскі камітэт рыхтуе зварот спэцдакладчыку ААН аб праве на ваду. Згодна зь міжнародным стандартам, доступ да чыстай пітной вады і санітарных паслуг — найважнейшая ўмова жыцьця і неад'емнае права чалавека.
Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, абураны адключэньнем вады ў Новай Баравой.
«Гэта парушэньне фундамэнтальнага права чалавека, і гэта адбываецца ў адказ на пазыцыю людзей, якія там жывуць, з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад сваіх выказваньняў, свабоды слова. Гэта незаконныя мэтады. Гэта ўжо новае слова ў рэпрэсіях, улады выкарыстоўваюць для ціску сацыяльна-бытавыя ўмовы, што ставіць пад пагрозу і здароўе людзей, і санітарна-эпідэмічную сытуацыю. Людзей пазбаўляюць умоваў для нармальнага жыцьця, доступу да чыстай вады. Гэта злоўжываньне, і дзяржава ня робіць захадаў, каб гэта спыніць», — заявіў Алег Гулак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Новай Баравой другі дзень няма вады. Ня выключана наўмыснае пашкоджаньне вадаводу
Мяцежная Новая Баравая
Мікрараён Новая Баравая пад Менскам праславіўся сваёй палітычнай актыўнасьцю яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі. Тамтэйшыя жыхары праводзілі флэшмобы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты, масава запісваліся ў сябры выбарчых камісій і ў назіральнікі, ладзілі ўласныя ланцугі салідарнасьці і шэсьці са сьцягамі.
Затрыманьні АМАПам, дадатковыя патрулі міліцыі і барацьба ўладаў з масавым вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў сталі часткай штодзённага жыцьця мікрараёну.