Стваральнік тэлеграм-каналу Nexta Сцяпан Пуціла і яго былы галоўны рэдактар Раман Пратасевіч адказалі на запыт уладаў Беларусі аб іх выдачы з Польшчы. Напярэдадні Менск заклікаў Варшаву выдаць Беларусі заснавальнікаў Nexta «з улікам асаблівай небясьпекі іх злачыннай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь запатрабавала ад Польшчы выдаць стваральнікаў тэлеграм-каналаў «НЕХТА» и «НЕХТА Live» Пуцілу і Пратасевіча
У відэазвароце ў адказ Пуціла перадаў прывітаньне Лукашэнку і паказаў у камэру геніталіі статуі мужчыны, выкананай у антычным стылі. «Аляксандар Рыгоравіч, а гэта асабіста вам», — сказаў ён.
Сцяпан Пуціла таксама чарговы раз абвінаваціў Лукашэнку ў «фальсыфікацыі выбараў, разьвязваньні тэрору супраць апазыцыі і прымяненьні сілы супраць мірных дэманстрантаў».
«Адзіная просьба — перастаньце ганьбаваць сябе на ўвесь цывілізаваны сьвет, прызнаючы, што 22- і 25-гадовы рэдактары і заснавальнікі тэлеграм-каналаў кашмараць увесь ваш рэжым», — падсумаваў Пуціла.
Былы галоўны рэдактар Nexta Раман Пратасевіч таксама зрабіў афіцыйную заяву ў сувязі са зваротам Менску аб яго выдачы і назваў ўмову вяртаньня ў Беларусь.
«Заяўляю пра гатоўнасьць добраахвотна вярнуцца ў Беларусь і здацца сілавікам ў абмен на прымусовае транспартаваньне [Аляксандра] Лукашэнкі ў Міжнародны суд у Гаазе», — напісаў ён у твітэры.
16 лістапада МЗС Беларусі зьвярнулася да Варшавы і заклікала ў самыя кароткія тэрміны выдаць стваральніка тэлеграм-канала Nexta Сцяпана Пуцілу і былога галоўнага рэдактара Рамана Пратасевіча «з улікам грамадзкай небясьпекі іх злачыннай дзейнасьці». Пуціла цяпер жыве ў Польшчы.
Сьледчы камітэт Беларусі 5 лістапада завёў крымінальную справу на Сцяпана Пуцілу і Рамана Пратасевіча «ў сувязі з наўмыснымі дзеяньнямі, накіраванымі на ўзбуджэньне сацыяльнай варожасьці па прыкмеце прафэсійнай прыналежнасьці, якая тычыцца двух прафэсійна-соцыюмных груп — прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў» (частка 3 артыкулу 130 КК).
Яны знаходзяцца ў міждзяржаўным вышуку. Па гэтай частцы артыкулу ім пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На стваральніка «Нехта» і былога галоўнага рэдактара завялі крымінальныя справы
Раней на Пуцілу завялі крымінальную справу паводле падазрэньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў (часткі 1 і 3 артыкула 293 КК). Пакараньне па гэтым артыкуле прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
17 лістапада стала вядома, што Сьледчы камітэт па горадзе Менску ў дадатак да гэтых артыкулаў інкрымінуе Пуцілу і Пратасевічу часткі 1 і 3 артыкулу 293 КК «Масавыя беспарадкі». Частка 1 (Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады) караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў. Частка 3 (Навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, якiя суправаджаюцца ўчыненьнем дзеяньняў, прадугледжаных часткай 1 гэтага артыкулу, а таксама фiнансаваньне цi iншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці) караецца арыштам або пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў.
- Пуціла заснаваў каналы Nexta і Nexta Live два гады таму. Ва ўмовах абмежаваньня інтэрнэту ў краіне пасьля абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў СМІ Беларусі перайшлі на асьвятленьне падзей у Тэлеграме. Канал Nexta зьяўляецца адным з самых папулярных у краіне і актыўна асьвятляе падзеі пасьля выбараў, цяпер у яго звыш 900 тысяч падпісчыкаў, у Nexta Live — больш за 1,7 мільёна.
- У кастрычніку Цэнтральны раённы суд Менску прызнаў телеграм-канал Nexta Live і лягатып Nexta экстрэмісцкімі матэрыяламі.