Абаронцы Знака стварылі пэтыцыю за вызваленьне Знака і спыненьне крымінальнай справы, у рамках якой Знака абвінавачваюць у закліках да дзеяньняў, «накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспубліцы Беларусь», паведамляе тэлеграм-канал Каардынацыйнай Рады.
Аўтары пэтыцыі папярэджваюць: калі «агучаная або выкладзеная ў прававым дакумэнце крытычная ацэнка дзеяньняў дзяржаўных органаў можа пацягнуць за сабой крымінальны перасьлед», гэта небясьпечна тым, што адвакаты ня будуць дастаткова прынцыпова адстойваць пазыцыю кліента.
Пэтыцыю падпісалі 174 адвакаты. Яны настойваюць на вызваленьні Максіма Знака і спыненьні яго крымінальнага перасьледу.
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады кандыдат юрыдычных навук адвакат Максім Знак быў затрыманы 9 верасьня. 18 верасьня яму выставілі абвінавачаньне па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь). У той жа дзень Знак, пратэстуючы супраць абвінавачаньня, абвясьціў галадоўку, якая доўжылася 10 сутак.
У рамках гэтай крымінальнай справы абвінавачаньне таксама выстаўлена сябру прэзыдыюму КР Марыі Калесьнікавай і аднаму зь яе адвакатаў — Ільлі Салею. Неўзабаве пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка Салея перавялі пад хатні арышт. Калесьнікавай 6 лістапада працягнулі тэрмін знаходжаньня пад вартай яшчэ на два месяцы – да 8 студзеня, Знаку тэрмін зьняволеньня прадоўжаны да 9 студзеня.