Генпракуратура завяла справу пра тэракт, так кваліфікавалі інцыдэнты на Беларускай чыгунцы

Цэнтральны чыгуначны вакзал у Менску .

Генэральная пракуратура паведаміла, што пачала праверку выкананьня заканадаўства аб бясьпецы руху і захаванасьці маёмасьці чыгуначнай інфраструктуры.

Паводле пракуратуры, на чыгунцы апошнім часам адзначылі крымінагенную актыўнасьць, якая пагражае бясьпецы руху, жыцьця і здароўю грамадзян:

«Зафіксаваныя выпадкі прывядзеньня ў непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў сыгналізацыі, іншага транспартнага абсталяваньня, а таксама крадзеж тармазных прылад», – дадалі ў Генпракуратуры.

Па такіх выпадках, якія адбыліся ў кастрычніку 2020 году, Генпракуратура завяла крымінальную справу аб акце тэрарызму і наўмысным прывядзеньні ў непрыдатнасьць чыгуначных шляхоў паводле ч. 1 арт. 289 і ч. 4 ст. 309 КК. Пакараньне паводле артыкулу аб тэракце прадугледжвае да 15 гадоў зьняволеньня. Пра падазраваных не паведамляецца.

У кастрычніку зьявіліся паведамленьні, што невядомыя злучаюць рэйкі дротам, што ўводзіць у зман аўтаматыку, якая рэгулюе рух цягнікоў, і тая паказвае, што каляіна нібыта занятая.