Людзі пажылога веку сёмы раз прайшлі па цэнтры Менску ў дэманстрацыі супраць гвалту і беззаконьня. Ім перашкаджалі сілавікі, якія перакрылі плошчу Незалежнасьці, блякавалі некаторыя вуліцы, адміністрацыя мэтро зачыніла прылеглую станцыю. Але на «марш смутку» памяці забітага Рамана Бандарэнкі сабралася больш за тысячу чалавек.
Маршрут быў ранейшы — ад Чырвонага касьцёла да плошчы Якуба Коласа. З пэнсіянэрамі ішлі мэдыкі, якія апошнім часам падпалі пад рэпрэсіі. Напярэдадні ў Менску падчас пратэстаў затрымалі больш за тысячу чалавек.
На пачатку маршу блага стала Ніне Багінскай, але пасьля дапамогі мэдыкаў яна акрыяла і дагнала калёну.
Хоць сілавікі ў балаклавах перашкаджалі пэнсіянэрам сабрацца на плошчы Незалежнасьці, папярэджвалі іх, што акцыя несанкцыянаваная, і суправаджалі ў сваіх мікрааўтобусах калёну цягам маршу, пра затрыманьні невядома. Затое ДАІ спыняла кіроўцаў, якія сыгналілі калёне на знак падтрымкі.
16.05. На плошчы Якуба Коласа марш спыніўся. Удзельнікі падышлі да помніка паэту, склалі кветкі і плякаты, запальваюць лямпадкі. Людзі скандуюць: «Не забудзем, не даруем», «За што забілі Рому?»
15.55. Галава калёны пэнсіянэраў падышла да плошчы Якуба Коласа, гэта канцавы пункт шэсьця. Аўтамабілісты сыгналамі машын вітаюць удзельнікаў маршу.
15.42. Марш пэнсіянэраў дайшоў да плошчы Перамогі, калёна расьцягнулася больш як на кілямэтар. Удзельнікаў шэсьця сілавікі не чапаюць. Затое ДАІ спыняе кіроўцаў, якія сыгналяць ім на знак падтрымкі.
15.40. Удзельнікі менскага маршу пэнсіянэраў патрабуюць пакараньня забойцаў Рамана Бандарэнкі, адстаўкі Лукашэнкі і спыненьня гвалту.
15.35. Марш мудрасьці прайшоў і ў Горадні. Там таксама ўшанавалі памяць забітага Рамана Бандарэнкі.
15.25. Марш мудрасьці набліжаецца да плошчы Перамогі. Міліцыя суправаджае калёну ў мікрааўтобусах, але не чапае.
15.10. Калёна пэнсіянэраў расьцягнулася ад Палаца культуры прафсаюзаў да цырку.
15.05. «Марш мудрасьці» ў Менску падыходзіць да цырку. У ім больш за тысячу чалавек. На плошчы Перамогі ДАІ спыняе машыны — нават тыя, якія не сыгналілі ў падтрымку пратэстоўцаў.
15.00. Пэнсіянэры скандуюць: «Верым! Можам! Пераможам!» і «Забойцы!», згадваючы Рамана Бандарэнку і іншых забітых пратэстоўцаў.
14.45. Марш пэнсіянэраў ужо на Кастрычніцкай плошчы Менску.
14.40. Людзі скандуюць «Трыбунал» і «За што забілі Рому?».
14.35. Яшчэ некалькі відэа з Маршу мудрасьці.
14.30. Калёна мінула будынак КДБ. Ніне Багінскай, якой на плошчы Незалежнасьці зрабілася блага, пасьля дапамогі лекараў палепшала. Яна даганяе калёну.
14.25. Відэа з Маршу мудрасьці. Людзі нясуць бел-чырвона-белыя сьцягі, кветкі і плякаты.
14.20. Пэнсіянэры дайшлі да будынку КДБ. Зь іншага боку праспэкту прыпаркаваліся 5 мікрааўтобусаў зь сілавікамі.
14.15. Марш мудрасьці выйшаў на праспэкт Незалежнасьці. Па ацэнках @euroradio, у ім удзельнічае ня менш за 1 тысячу чалавек.
14.12. Зноў перакрытая плошча Перамогі ў Менску. Супрацоўнікі ДАІ таксама перакрылі Гарадзкі Вал у кірунку праспэкту Незалежнасьці.
14.10. У калёне некалькі соцень чалавек.
14.10. Першая калёна пэнсіянэраў падышла да міліцэйскага кардону на плошчы Незалежнасьці. Насустрач выйшаў АМАП.
14.08. Калёна пратэстоўцаў пайшла ў бок гатэля «Менск» пад лёзунг «Жыве Беларусь!». Сілавікі ідуць за імі, працягваюць папярэджваць аб несанкцыянаванасьці мерапрыемства.
14.05. Да Чырвонага касьцёла прыйшла калёна сілавікоў у чорным, людзі скандуюць: «Фашысты» і «Жыве Беларусь».
На плошчы Незалежнасьці пэнсіянэраў становіцца ўсё больш. Міліцыя працягвае папярэджваць аб несанкцыянаваным мерапрыемстве. «А людзей забіваць санкцыі ёсьць?!» — пытаецца ў сілавікоў пажылы мужчына, паведамляе Tut.by.
14.00. Як паведамляе сьведка, каля Чырвонага касьцёла ў Менску, дзе на марш зьбіраюцца пэнсіянэры, ходзяць сілавікі ў масках, кажуць, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Тут ужо дзясяткі чалавек, нягледзячы на тое, што мэтро зачыненае, а плошча Незалежнасьці блякаваная.
13.50. Чытачы @nashaniva паведамілі, што Ніне Багінскай на плошчы Незалежнасьці стала блага, ёй выклікалі хуткую дапамогу.
13.45. На плошчы Незалежнасьці, нягледзячы на ачапленьне, зьбіраюцца людзі. Сярод іх і Ніна Багінская з нацыянальным сьцягам. За Чырвоным касьцёлам стаяць мікрааўтобусы АМАПу, пэрыядычна такія ж езьдзяць па праспэкце, насупраць Галоўпаштамта стаіць яшчэ адзін мікрааўтобус, паведамляе «Белсат».
13.35. Менск. Станцыя мэтро «Плошча Леніна» зачыненая для пасажыраў. Цягнікі на ёй не спыняюцца.
13.30. На плошчу Незалежнасьці прыйшла Ніна Багінская з нацыянальным сьцягам. Плошча агароджаная, тут патрулююць сілавікі ў чорным.
13.00. На плошчы Незалежнасьці ў Менску шмат сілавікоў. Плошчу агароджваюць, перакрылі выхады з падземных пераходаў. Звычайна па панядзелках з гэтай плошчы пачынаўся марш пэнсіянэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 дзён беларускай рэвалюцыі. Лічбы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы людзей выйшлі на акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі ў Менску і іншых гарадах. Больш за 1000 затрыманых. ФОТА і ВІДЭА