Фармальна з дасьвечаным лекарам не працягнулі кантракт, які сканчаецца ў сьнежні. Андрэй Вітушка быў адным зь першых затрыманых лекараў у часе пратэстаў супраць несумленных выбараў і гвалту ў жнўні.
Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміла Крысьціна Вітушка, жонка кандыдата мэдыцынскіх навук, лекара вышэйшай катэгорыі 20-гадовым Андрэя Вітушкі.
«Даслалі поштай. І кантрольным стрэлам прыйшлі а 7 раніцы пасьля начнога дзяжурства з выездам да кавідных дзетак, каб злавіць і пераканацца, што падпісаў. Подла. Кантракт сканчаецца ў сярэдзіне сьнежня. Упершыню нашыя Каляды і Новы год не будуць скрадзеныя дзяжурствамі», — напісала яго жонка Крысьціна.
«Гэта прызнаньне маіх асабістых заслуг як прыстойнага чалавека»
Ці стаіць за гэтым рашэньнем палітычная прычына, спыталі мы ў Андрэя Вітушкі.
«Фактычна так, але фармальна я гэта пацьвердзіць не магу. У нас жа на акцыі ходзяць толькі прастытуткі, наркаманы, алькаголікі. А з працы звальняюць п’яніц, дэбашыраў і парушальнікаў дысцыпліны. А з унівэрсытэтаў выганяюць не з палітычных прычынаў, а за два спагнаньні, вынесеныя за парушэньне працоўнага распарадку. Нікога ж яшчэ ня звольнілі за палітычныя погляды», — кажа ў камэнтары Свабодзе Андрэй Вітушка.
Ён адзначыў, што ўспрымае гэта рашэньне «як прызнаньне маіх асабістых заслуг як прыстойнага чалавека. Бо ў час эпідэміі каранавіруснай інфэкцыі, калі лекары-анэстэзіёлягі, рэаніматолягі вельмі запатрабаваныя, знайсьці рацыянальнае тлумачэньне вельмі цяжка».
«Найбольш ад гэтага рашэньня пацярплю ня я асабіста, а, на жаль, мае пацыенты. У мяне дастаткова высокая кваліфікацыя, кандыдацкая ступень і ўзровень ведаў. Я даўно сумленна і старанна працую ў гэтай сыстэме. Ясна, што калі з сыстэмы вымываецца такі элемэнт, цярпяць пацыенты», — кажа мэдык.
Паводле суразмоўцы, апошнія пяць гадоў зь ім працягвалі кантракт строга на адзін год, намякаючы на тое, што гэта апошні раз. «Паводле заканадаўства, яны маюць права не працягнуць са мной кантракт. Мінулы кіраўнік шпіталя мне так і казаў, што нічога ня мусіць мне тлумачыць».
Андрэй Вітушка выказвае спадзеў, што рашэньне не працягваць зь ім кантракт ня будзе пачаткам тэндэнцыі па звальненьні «дастойных спэцыялістаў».
«Бо тое, што цяпер адбываецца, і так па-за межамі ўсялякага разуменьня і лёгікі. Калі арыштоўваюць выдатных анколягаў, намесьнікаў дырэктара РНПЦ, калі на Акрэсьціна сядзяць вядучыя спэцыялісты, якія робяць унікальныя апэрацыі, — гэта само па сабе вельмі шакуе. І абсалютна супярэчыць таму, што дзяржава нібыта клапоціцца пра чалавека».
Паводле яго, кожны высакаклясны доктар — гэта штучны спэцыяліст, на падрыхтоўку якога патрэбны гады — замяніць яго ня так проста. Разам з тым Андрэй Вітушка перакананы, што ня варта засмучацца.
«Калі выйшаў з Акрэсьціна ў жніўні, адчуў надзвычайную падтрымку лекараў. І я дагэтуль адчуваю гэтую еднасьць, узаемадапамогу. І гэта тычыцца ня толькі лекараў, але і ўсяго грамадзтва. Калі сёньня выходзіў з працы, на трактарчыку, які прыбіраў лісьце ў двары цэнтру „Маці і дзіця“, пабачыў бел-чырвона-белы сьцяг. У кабіне сядзеў звычайны мужык, які працуе там за 300 рублёў. У гэтай сытуацыі засмучацца дакладна не выпадае. Трэба рухацца далей і працаваць на дабро і справядлівасьць», — лічыць Андрэй Вітушка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэдычная супольнасьць ня будзе маўчаць», — калегі затрыманых лекараўБыў адным зь першых затрыманых лекараў падчас пратэстаў
Андрэй Вітушка быў адным зь першых затрыманых лекараў у часе пратэстаў супраць несумленных выбараў і гвалту.
Вечарам 10 жніўня ля Цэнтральнага РУУС Менска сілавікі затрымалі дзіцячага рэаніматоляга Андрэя Вітушку і яго жонку Крысьціну, якія шукалі там свайго непаўнагадовага сына Мірона, якога незадоўга да гэтага на вачах маці павезьлі байцы АМАПу. Андрэй і Крысціна знаходзіліся ў турме на Акрэсьціна. Крысьціне не давалі патрэбных ёй лекаў, яе адпусьцілі каля 5 гадзін раніцы 13 жніўня, 14 жніўня адпусьцілі і Андрэя Вітушку.
З партрэтамі Андрэя Вітушку і плякатамі цягам двух дзён на акцыі салідарнасьці мэдыкі выходзілі да Беларускага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту. Андрэй Вітушка лічыцца адным з лепшых дзіцячых рэаніматолягаў Беларусі.
Андрэй у інтэрвію Свабодзе гэтак расказваў пра сытуацыю ў краіне:
«У Беларусі не хапае лекараў, многія раней зьехалі працаваць у іншыя краіны. Многія дактары, якія задумваліся пра пераезд і вагаліся, ці прыняць такое рашэньне, цяпер яго прынялі і знаходзяцца ў стадыі падрыхтоўкі да пераезду, як толькі адкрыюцца межы і палепшыцца сытуацыя з каранавірусам. А можа, нават не чакаючы заканчэньня пандэміі. У Эўропе падчас першай хвалі была вялікая патрэба ў лекарах, найперш у анэстэзіёлягах-рэаніматолягах, спэцыялістах, якія ўмеюць настройваць апарат вэнтыляцыі лёгкіх. Была вялікая патрэба агулам у лекарах. Многія зараз прынялі рашэньне. І мы гэта яшчэ адчуем.
Зьяжджаюць зь Беларусі найбольш адукаваныя і кваліфікаваныя лекары, якія ведаюць замежныя мовы і імкнуцца быць у трэндзе распрацовак сучаснай мэдыцыны. Страта кожнага такога спэцыяліста адчувальная для мэдычнай сыстэмы аховы здароўя Беларусі. Ня варта забывацца і пра расейскі і ўкраінскі кірунак. Гэта рэальная праблема для Беларусі. Добры спэцыяліст ня будзе «сінеючымі пальцамі» трымацца за месца ў Менскай абласной бальніцы. Ён знойдзе сабе добрую працу ў іншай краіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманай Крысьціне Вітушцы не даюць жыцьцёва неабходных лекаў