Пратэстоўцы, блякаваныя ў дамах на менскай «плошчы Пераменаў» пасьля разгону, змаглі бясьпечна разысьціся

Разгон Маршу «Я выходжу» на «плошчы Перамен». Менск, 15 лістапада.

Сёньня раніцай дзясяткі людзей, якія ноччу хаваліся ад сілавікоў у кватэрах і падвалах дамоў на «плошчы Перамен» у Менску пасьля ўчарашняга разгону, змаглі бясьпечна выйсьці.

Пра гэта паведамляе #МотолькоПомоги і «Белсат».

Людзі выходзяць з дамоў у менскім жылым комплексе, які сілавікі ад учора трымалі пад вартай пасьля аблавы, новых затрыманьняў няма.

Сілавікі ў балаклавах пасьля затрыманьня людзей ля разбуранага мэмарыялу забітаму Раману Бандарэнку праводзілі рэйды па кватэрах, шукалі пратэстоўцаў, некаторыя дзьверы расьпілоўвалі, пільнавалі ля пад’ездаў усю ноч, выпускалі толькі паводле пашпартоў зь мясцовай прапіскай. Дзясяткі людзей, якія ад іх хаваліся, былі заблякаваныя.

15 лістапада, на 99-ы дзень пратэстаў супраць сфальшаваных выбараў прэзыдэнта і гвалту, у Менску і іншых гарадах Беларусі праходзілі акцыі ў памяць забітага актывіста 31-гадовага Рамана Бандарэнкі.

Сілавікі з ужываньнем гранат разагналі акцыю ў Менску. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што лік затрыманых дасягнуў 1160 чалавек.