На «Плошчы Пераменаў» пачаўся разгон дэманстрантаў.
Сілавікі ўзялі ў атачэньне «плошчу Пераменаў», у некаторых у руках зброя. На «плошчы Пераменаў» зноў зьявіўся вадамёт, прыехалі аўтазакі.
Людзей ля мэмарыялу Бандарэнкі стала меней, яны крычаць: «Выходзьце!», «Далучайся!»
Да аточаных сілавікамі людзей прыйшлі амапаўцы і пачалі выхопліваць людзей з ланцуга.
Пачалася «зачыстка»: людзей цягнуць у аўтобусы і аўтазакі, мужчын і жанчын. Зрываюць сьцягі, б’юць лямпадкі, зрываюць намёты.
Неўзабаве на «плошчы Пераменаў» засталіся толькі сілавікі. Яны забіраюць сьцягі, раскідваюць зьнічы. Шмат затрыманых.
Прынамсі да аднаго з жыхароў дому ля «плошчы Пераменаў» ломяцца ў кватэру байцы ў зялёнай форме.
Пасьля разгону і затрыманьняў на «плошчы Пераменаў» з суседняга дома выйшла адна жанчына, запаліла сьвечку і паставіла да мэмарыялу.