Сілавікі з гранатамі пайшлі ў атаку на «плошчу Перамен» у Менску, але людзі не разьбегліся. ВІДЭА

«Двор перамен» каля дома, дзе жыў Раман Бандарэнка. 15 лістапада.

Пакуль ля мэтро «Пушкінская» ў Менску сілавікі разганялі ўдзельнікаў «Маршу сьмелых» памяці Рамана Бандарэнкі, некалькі тысяч чалавек сабраліся ля мэмарыялу забітаму актывісту на скрыжаваньні вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага тракту.

Людзі скандавалі: «Трыбунал!» На даху трансфарматарнай будкі на «плошчы Пераменаў» хлопцы запалілі тры фаеры зь белым, чырвоным і белым дымам.

Іх віталі воклічамі «Жыве Беларусь!» некалькі тысяч чалавек з нацыянальнымі сьцягамі, якія сабраліся ў двары і ваколіцах.

Тут, ля мэмарыялу Рамана Бандарэнкі, спачатку ніхто людзей не чапаў, але пазьней, калі яны выйшлі і на праезную частку, прыйшлі сілавікі ў чорным.

Прагучала шмат выбухаў сьвятлашумавых гранат і стрэлаў, усё ў дыме. Пасьля выбухаў на «плошчы Перамен» у Менску стаў кардон сілавікоў, людзі адышлі, каб ня трапіць пад стрэлы, але не разьбегліся, адышлі да мэмарыялу Бандарэнкі і ў двары.

Пазьней да «плошчы Перамен» прыехаў вадамёт.